Сяргей Румас здзейсніў рабочую паездку ў Віцебскую вобласць

26 апреля 2019

Аснова паспяховага бізнесу на зямлі, сяўба ва ўмовах ранняй вясны і паўночных шырыняў, мадэрнізацыя ўнікальных вытворчасцяў. Гэтыя пытанні разглядаліся сёння падчас рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць прэм'ер-міністра краіны. Азнаямленне з развіццём рэгіёна Сяргей Румас пачаў з Докшыцкага раёна. Сельгаспрадпрыемствы "Бягомльскае" і "Таргуны" нядаўна былі перададзеныя інвестарам і зараз ажыццяўляюць новую стратэгію развіцця. Дарэчы, сярэдняя заработная плата працаўнікоў ААТ "Таргуны" сёння складае 640 рублёў. Да канца года гэты паказчык павінен дасягнуць 500 долараў у эквіваленце.

Таксама прэм'ер-міністр наведаў прадпрыемства "Полацк-Шкловалакно", дзе азнаёміўся з ходам рэалізацыі буйнога інвестпраекта па вытворчасці тэрмахімапрацаваных электраізаляцыйных матэрыялаў для фальгаваных дыэлектрыкаў. З іх вырабляюць пячатныя платы, якія выкарыстоўваюцца і ў радыёэлектроніцы. А гэта, паводле слоў кіраўніцтва прадпрыемства, новы ўзровень і новыя рынкі збыту.