Сёння стартуе Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва

13 ноября 2017

У глабальнай падзеі ўдзельнічаюць 170 краін, сярод якіх і Беларусь. Ключавой падзеяй стане Міжнародны форум у Мінску. Больш як 500 бізнесменаў, кіраўнікоў, прадстаўнікоў улад абмяркуюць развіццё малога і сярэдняга бізнесу. Галоўнай тэмай у нашай краіне стануць стартапы і пошук інвестараў. У рамках Сусветнага тыдня ў пятніцу выберуць прадпрымальніка года. Конкурс праводзіцца ўрадам, але выключна сярод прыватных прадпрыемстваў. Пераможцы атрымаюць магчымасць крэдытавання першы год пад працэнт, роўны палове стаўкі рэфінансавання.

Пётр Арушаньянц, дырэктар Дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Беларусі:

"Мы назіраем рост цікавасці да конкурсу "Прадпрымальнік года". Летась конкурс быў запушчаны ў новым фармаце. Прадпрымальнікі, якія ўдзельнічалі і перамаглі або ўвайшлі ў фінал, маюць магчымасць атрымаць унікальныя навучальныя матэрыялы, маюць магчымасць удзельнічаць у майстар-класах ад найлепшых міжнародных экспертаў. Летась гэта была кампанія Google".

Для Беларусі гэты форум стане 7-ым. Мерапрыемствы Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва - гэта магчымасць атрымаць веды аб паспяховым сусветным вопыце і пачаць прымяняць яго ўнутры краін.