Сёння БелАЗ прэзентаваў першы ў краіне грузавік-беспілотнік

25 апреля 2013

Кар'ерны самазвал грузападымальнасцю 130 тон без вадзіцеля. Сёння БелАЗ прэзентаваў першы ў краіне грузавік-беспілотнік. Канструкцыя звышмагутнай машыны дазваляе аўтаномна кіраваць самазвалам без удзелу чалавека. Заказы на новую мадэль ужо распісаны на месяц наперад. Цікавасць пакупнікоў тлумачаць эканоміяй, якую прыносяць самазвалы з вялікай грузападымальнасцю.


Аляксандр Ягораў, генеральны канструктар ТАА БелАЗ: З улікам мадэрнізацыі, якую мы закончым у 2013 годзе, мы разлічваем мець магутнасці на выпуск 2000 кар'ерных самазвалаў, у тым ліку 800 самазвалаў ад 100 тон і вышэй. Мы разлічваем, што рынак нашых самазвалаў будзе толькі пашырацца.


Інавацыйная распрацоўка айчынных машынабудаўнікоў  асабліва зацікавіла партнёраў па Мытным саюзе з Казахстана.


Васіль Шостак, начальнік упраўлення па камерцыйных пытаннях ТАА БелАЗ: З Казахстанам нас звязваюць даўнія і цёплыя стасункі, рынак для нас вельмі перспектыўны, там працуе шмат прадпрыемстваў. За 2012 год мы паставілі туды тэхнікі на суму звыш 12 мільёнаў долараў, у тым ліку 65 адзінак кар'ернай тэхнікі. Сёлета паставілі туды 8 адзінак кар'ернай тэхнікі.


Сёння 130-тонная мадэль цягача - самая запатрабаваная ў свеце. Самазвалы з маркай Зроблена ў Беларусі курсіруюць у рудніках Чылі, Сербіі, Балгарыі і ў Паўднёва-Усходняй Азіі. У гэтым годзе БелАЗы будуць калясіць і па Інданезіі. Ужо заключаны 10-мільённыя кантракты на пастаўку беларускіх цягачоў.