Прэзідэнт заслухаў справаздачы ўрада, Нацыянальнага банка і рэгіянальных улад

2 марта 2018

Як спрацавала эканоміка ў 2017? Чаго ўдалося дасягнуць, а да чаго па-ранейшаму неабходна імкнуцца? Сёння ў Савеце Міністраў Прэзідэнт Беларусі заслухаў справаздачу ўрада, Нацыянальнага банка і рэгіянальных улад.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці краіны за мінулы год. Як адзначыў прэм'ер Андрэй Кабякоў, захоўваецца стабільнасць на валютным і фінансавым рынках. У 2017 кампенсавана адставанне 2016. Аднак з 13 паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця не выконваюцца 2: па тэмпах росту рэальных даходаў насельніцтва і аб'ёме будаўніча-мантажных работ. Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз нагадаў пра няўхільнае выкананне яго даручэння - сярэдняй зарплаце па краіне ў тысячу рублёў. На працягу года гэты паказчык неабходна перасягнуць за кошт павелічэння зарплаты бюджэтнікам.

Вялікая размова сёння тычылася не толькі павышэння аплаты працы, але і забеспячэння занятасці. Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў урад за недастатковыя намаганні па стварэнні высокапрадукцыйных рабочых месцаў. У той жа час назіраецца міжрэгіянальнае расслаенне ўнутры краіны - узровень жыцця ў сталіцы і рэгіёнах палярны. Рост цэн па-ранейшаму застаецца праблемай нумар адзін для насельніцтва. Адсюль і патрабаванне Прэзідэнта да Нацбанка - скарачэнне інфляцыйных чаканняў. Гаварылі сёння і пра ўдзел банкаўскай сістэмы ў развіцці эканомікі, нарошчванні золатавалютных рэзерваў. За 2017 яны павялічыліся амаль на 2,5 мільярда долараў, часткова ўключаюць сродкі, прыцягнутыя для выплат па валютных абавязацельствах у бягучым годзе. У цэлым ад урада Кіраўнік дзяржавы чакае прынцыпова новага стылю - каманднай працы з іншымі міністэрствамі і ведамствамі.

Адно з даручэнняў на сённяшняй нарадзе - разабрацца з ростам цэн на малочную прадукцыю. За мінулы год яе кошт удвая апярэдзіў тэмпы інфляцыі. Маніторынг сітуацыі і прапановы па дзейсным механізме ўплыву на цэны тавараў паўсядзённага попыту чакаюць ад Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Як адзначыў кіраўнік ведамства, для дамінантаў рынку будзе прапанавана схема павышэння кошту на свой тавар у межах узроўню інфляцыі. Паводле яго слоў, цэны на сельгаспрадукцыю ў краінах ЕАЭС паступова выраўноўваюцца, а індэкс закупачных цэн у Расіі быў вышэйшым. Але сітуацыя пад кантролем.

Уладзімір Калтовіч, Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі: "Мы прааналізавалі таварны рынак вытворцаў малака. Кампаніі ўнесены ў рэестр дамінантаў, у найбліжэйшы час прапануем скласці пагадненне, якое з'яўляецца абавязковым для суб'ектаў гаспадарання. Хутчэй за ўсё, прапануем усталяваць спосаб рэгулявання ў прывязцы да інфляцыі. Калі камусьці трэба будзе павысіць цэны (магчыма, пры інвестыцыях), то мы будзем да гэтага падыходзіць індывідуальна".

Што тычыцца глабальных задач на гэты год, то сярод іх рост ВУП на 3,5 %, прырост экспарту тавараў і паслуг на 2 мільярды долараў. Планка амаль 106 % да 2017. Запланавана прыцягненне 23 мільярдаў рублёў інвестыцый. Асаблівая ўвага рэалізацыі 50 найбуйнейшых праектаў, а таксама задачы па сярэдняй зарплаце і стварэнні новых рабочых месцаў. Усе падрабязнасці справаздачы Прэзідэнту глядзіце ў "Панараме".