З беларускага ўчастку "Дружбы" выцеснена больш за палову ўсяго аб'ёму няякаснай нафты

28 июня 2019

З беларускага ўчастку "Дружбы" назад у Расію выцеснена крыху больш за палову ўсяго аб'ёму бруднай нафты. На замену ёй прыйшла якасная сыравіна. Пра гэта сёння заявіў профільны віцэ-прэм'ер Ігар Ляшэнка на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат парламента.

Усе крокі па замяшчэнні прапісаныя ў сумеснай дарожнай карце партнёраў. Яе выкананне гарантуе, што трубы цалкам вызваляць ад няякаснай сыравіны толькі да сярэдзіны жніўня. Гэта фактычна запусціць транзіт нафты еўрапейскім партнёрам у ранейшых аб'ёмах. Але ўрад сумняваецца, што нашай краіне атрымаецца нагнаць аб'ёмы транзіту, запланаваныя на год. Раней праз Беларусь праходзіла каля пяцідзесяці мільёнаў тон сыравіны штогод.

Сёння "Нафтан" па-ранейшаму загружаны сыравінай толькі на 65 працэнтаў. Мінск і Масква дамовіліся пра дадатковыя пастаўкі ста тысяч тон, у тым ліку чыгункай. Аднак, паводле нашых ацэнак, Беларусь недаатрымала нашмат большы аб'ём сыравіны - прыкладна дзвесце пяцьдзясят тысяч тон. Партнёры працягваюць ацэньваць шкоду ад паставак бруднай нафты. Калі бакі не дамовяцца, пытанне кампенсацый будзе вырашаць суд.