Рост эканомік краін - удзельніц ЕАЭС становіцца ўсё больш устойлівым

14 августа 2017

Сёння пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Беларусі на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета ў Астане. Андрэй Кабякоў адзначыў, што сустрэча ўпершыню за апошнія гады праходзіць на фоне ажыўлення эканомік краін-удзельніц. Паспрыяе развіццю супрацоўніцтва і буйная міжнародная выстава ЭКСПО-2017, якая працуе гэтымі днямі ў Казахстане і дазваляе пераканацца, наколькі шматгранны патэнцыял узаемадзеяння партнёраў па саюзе. Да наступнага пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета прэм'еры дамовіліся падрыхтаваць дарожную карту па ліквідацыі абмежаванняў ва ўзаемным гандлі. Адным з важных пытанняў сустрэчы стаў праект пагаднення аб механізме прасочвання тавараў. Дакладны працэс дагэтуль не замацаваны.

На пасяджэнні кіраўнікі ўрадаў Беларусі, Расіі, Арменіі, Казахстана і Кыргызстана абмеркавалі і сацыяльныя пытанні. У прыватнасці, праект дагавора аб пенсіённым забеспячэнні ў рамках інтэграцыйнага аб'яднання. Дакумент чакаюць мільёны людзей, чыя працоўная дзейнасць звязана адразу з некалькімі краінамі. Пасля ўступлення яго ў сілу можна будзе працаваць у любой краіне саюза без страты працоўнага стажу і пенсіі на час працаўладкавання ў іншай дзяржаве ЕАЭС. Па выніках сустрэчы прынята 8 дакументаў. Адзін з іх аб тым, што агульны рынак паслуг паветранага транспарту ў ЕАЭС можа быць створаны да 2020 года. Падпісана таксама некалькі распараджэнняў і даручэнняў. Наступнае пасяджэнне Еўразійскага міжурадавага савета пройдзе ў кастрычніку ў Ерэване. Падрабязнасці перамоў у Астане - у нашых наступных выпусках.