Рэканструкцыя трасы М-6 Мінск - Гродна пачнецца ў найбліжэйшы час

10 июня 2015

Як адзначылі сёння на прэс-канферэнцыі спецыялісты дарожна-транспартнай сферы, для рэалізацыі праекта Сусветны банк выдзяляе крэдыт - 250 мільёнаў долараў. Таксама прапрацоўваецца і пытанне рэканструкцыі аўтадарогі М-10 Гомель - Брэст. Адпаведны праект будзе прэзентаваны патэнцыяльным інвестарам ужо на наступным тыдні на форуме ў Лондане.

Аляксандр Галаўнёў, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі: "Гэты праект прадугледжвае наяўнасць прыватнага партнёра, які будзе ўкладваць пэўныя свае сродкі на ўмовах або канцэсіі, або доўгатэрміновага валодання, гэта вызначаць дагаворам. Гэта найбольш выгадная і перспектыўная для дзяржавы стратэгія, якая прадугледжвае не толькі крэдытныя рэсурсы банка, але і ўдзел прыватнага капіталу".

У найбліжэйшыя пяць гадоў у сталіцы з'явіцца каля паўсотні новых аб'ектаў вулічна-дарожнай сеткі. Сярод іх 10 транспартных развязак і падземных пешаходных пераходаў.