Рэгіён Усходняй Афрыкі прываблівае Беларусь сваім рынкам, які дынамічна развіваецца

4 апреля 2017

Гэта заявіў сёння прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў на сустрэчы са старшынёй савета дырэктараў кенійскіх кампаній "Самір груп". Наша краіна разлічвае значна павялічыць тавараабарот з Кеніяй. Летась ён быў каля 18-ці мільёнаў долараў. Зараз у Кеніі прынятыя амбіцыйныя праграмы па развіцці сельскай гаспадаркі, харчовай бяспекі і дарожна-транспартнай інфраструктуры, і Беларусь гатовая прапанаваць свае перадавыя тэхналогіі, абсталяванне і паслугі.

Андрэй Кабякоў, прэм'ер-міністр Беларусі: "Беларуская прадукцыя ўжо добра вядомая на Афрыканскім кантыненце сваёй надзейнасцю, прастатой у эксплуатацыі і прывабнымі цэнамі. Мы пастаўляем тэхніку практычна ва ўсе афрыканскія рэгіёны. Чым, на мой погляд, выгадныя беларускія прапановы? Мы гатовыя ў пакеце з таварнымі пастаўкамі прапаноўваць сучасныя фінансавыя механізмы і вельмі прывабныя ўмовы пры набыцці тэхнікі. Гэта экспартнае крэдытаванне і пастаўкі тэхнікі на ўмовах міжнароднага лізінгу".

"Самір груп" аб'ядноўвае 15 кампаній, якія больш чым 30 гадоў працуюць ва Усходняй Афрыцы па такіх напрамках, як сельская гаспадарка, фінансы, страхаванне і банкаўская справа, аўтамабільная прамысловасць, будаўніцтва і электраэнергетыка.