Вытворчасць мяса індычкі ў цэнтральным рэгіёне ўтрая павялічыцца

4 марта 2015

Сёлета адзіны ў вобласці птушкагадоўчы комплекс павялічвае аб’ёмы вытворчасці. Зараз пагалоўе складае 98 тысяч птушак, да канца гэтага года ў гаспадарцы плануюць рэалізаваць тысячу 300 тон дыетычнага мяса. На ферме пад Заслаўем арганізаваны поўны цыкл – ад вываду маленькіх птушанят да перапрацоўкі мяса. З тэхналогіяй вырошчвання азнаёмілася Наталля Кезік.

Ферма з трапічным кліматам – тэмпература плюс 33 градусы і ніякіх скразнякоў. Менавіта такія ўмовы неабходныя для птушанят індычкі. У гаспадарцы пад Заслаўем іх вырошчваюць на працягу 20 гадоў. Штогод колькасць хатніх птушак павялічвалі, зараз на ферме 98 тысяч індыкоў і індычак.

Пад племптушказавод тут паступова адаптавалі памяшканні звычайнай фермы з 50-ых гадоў. Цёплыя павільёны прызначаны для гадавання маладняку, самак і самцоў. Таксама ёсць кармавыя склады і цэхі па перапрацоўцы мяса. Пераважна на ферме застаецца ручная праца.

Мадэрнізацыю ў гэтым цэху правялі два гады таму. Цяпер птушаняткі жывуць у клетках. Такім чынам для іх стварылі найбольш аптымальныя ўмовы для развядзення. Дарэчы, жывуць тут птушаняты роўна 49 дзён.

Несці яйкі самкі пачынаюць толькі праз 210 дзён. Увесь гэты час яны проста набіраюць вагу і назапашваюць неабходныя вітаміны. Штодзень даросламу індыку неабходна 700 грамаў корму, самцы – ўдвая менш.

Усяго ў Беларусі дзве індычныя гаспадаркі. І толькі на ферме пад Заслаўем захавалі поўны цыкл – птушанят тут не купляюць, а выводзяць самі. Дарэчы, пакуль для фермераў гэта ніша ў сельскай гаспадарцы не вельмі прывабная. Тэхналогія вырошчвання гэтых птушак складаная і патрабуе карпатлівай працы.

Попыт на індычнае мяса ў цэнтральным рэгіёне ёсць. Таму сёлета на птушкаферме вырашылі павялічыць пагалоўе амаль у тры разы. Да канца года перад калектывам стаіць задача рэалізаваць не менш за тысячу 300 тон мяса гэтай птушкі.