Праграму інавацыйнага развіцця на 5 гадоў абмеркавалі на прэзідыуме Саўміна

19 апреля 2016

Беларусь плануе больш за палову прадукцыі IT-сферы, мікраэлектронікі і біятэхналогій пастаўляць на экспарт. Праграму інавацыйнага развіцця на 5 гадоў сёння абмяркоўвалі на прэзідыуме Саўміна. Паводле слоў прэм'ер-міністра, галоўная мэта - забяспечыць якасны рост і павысіць канкурэнтаздольнасць эканомікі.

Размова аб праектах з высокай дададзенай вартасцю. У прыватнасці, пад Мінскам пабудуюць кластар па развіцці медыцынскіх прыбораў. Гавораць і аб стварэнні Белбіягорада. Таксама стаўку робяць на касмічныя тэхналогіі.

Аляксандр Шумілін, старшыня Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі: "Мы плануем 160 трыльёнаў сродкаў у новую праграму інавацыйнага развіцця. Практычна 8% - гэта бюджэтныя сродкі. Мы сёлета плануем стварыць венчурны фонд, а да 2020 года мець 2 венчурныя фонды ў Беларусі. У гэтай праграме мы робім стаўку на развіццё інавацыйнай інфраструктуры і падтрымку тэхнапаркаў. І стварэнне ўмоў для развіцця інавацыйнага прадпрымальніцтва, якое, мы плануем, узрасце за пяцігодку ў некалькі разоў - як прадукцыя, так і інавацыйныя прадпрымальнікі".

За час рэалізацыі папярэдняй Дзяржпраграмы інавацыйнага развіцця да 2015 года было ўведзена 190 новых вытворчасцяў, створана больш як 19 тысяч працоўных месцаў.