Праект забудовы практычна кожнага з беларускіх гарадоў-спадарожнікаў ужо гатовы

14 августа 2013
Далей за іншых прасунуліся Смалявічы - тут дабудоўваюць першы дом для мінчан. Ужо ў наступным годзе здадуць і другі. Побач, дарэчы, падцягваецца інфрастуктура. У цэлым, у гарадах-спадарожніках абяцаюць стварыць камфортныя ўмовы - пабудаваць школы, магазіны, паліклінікі і нават новыя вытворчасці - працоўныя месцы. Удасканаляцца і транспартныя зносіны - да сталіцы і абласных цэнтраў будуць рэгулярна курсіраваць маршруткі і аўтобусы. Што датычыцца агульнай колькасці, у Мінска гарадоў-спадарожнікаў будзе 6, у Брэста і Гродна - па адным.


Чым яны будуць адрознівацца і чаму купіць кватэру ў горадзе-спадарожніку - выгадная інвестыцыя, раскажа Кацярына Шыбко.



Праектыроўшчыкі горада-спадарожніка Смалявічы прызнаюцца: яны пастараліся стварыць самыя камфортныя ўмовы па мінскіх стандартах. Ды і месца для забудовы выбралі, мабыць, самае прыгожае ў горадзе.

Прама ля Смалявіцкага вадасховішча з'явіцца спартыўная зона і зона адпачынку. У гэтым горадзе-спадарожніку плануюць забяспечыць жыллём каля 40 тысяч мінчан. Як прызнаюцца будаўнікі, каб праз пару гадоў не з'явілася праблема затораў на дарогах - аб гэтым вырашылі падумаць загадзя.

Дарогу, якая ідзе ў Смалявічы, плануюць пашыраць - як мінімум у два разы. Тут жа з'явіцца і двухузроўневая развязка. Аўтобусы і маршруткі ў Мінск будуць хадзіць рэгулярна. Дабрацца да сталіцы можна будзе і на цягніку. Плануецца, што неўзабаве са Смалявічаў у Мінск пачне курсіраваць новая хуткасная электрычка.

Камфортныя ўмовы будуць забяспечаныя ва ўсіх гарадах-спадарожніках. Смалявічы - гэта толькі адзін з прыкладаў.

Сваіх спадарожнікаў у сталіцы будзе 6. Па адным - у Брэста і Гродна. Паводле слоў супрацоўнікаў Міністэрства архітэктуры, гэта сусветны вопыт. З аднаго боку, такі праект дапамагае разгрузіць буйныя гарады, з іншага - дапамагае развівацца правінцыям.
Аб неабходнасці будаваць жыллё і развіваць інфраструктуру менавіта ў гарадах-спадарожніках, і ў першую чаргу - спадарожніках Мінска, не раз гаварыў і Прэзідэнт краіны. Менавіта па даручэнні Кіраўніка дзяржавы некалькі гадоў таму былі распрацаваныя ўсе гэтыя праекты.

Аляксандр Лукашэнка таксама тады дадаў, што гарады-спадарожнікі не павінны ператварыцца выключна ў спальныя гарады - у кожным з іх павінны з'явіцца новыя працоўныя месцы.

Асноўныя крокі зробленыя ўжо і ў гэтым кірунку. Праекты забудоў практычна для ўсіх гарадоў-спадарожнікаў ужо гатовыя. Кожнаму, чыя чарга на будаўніцтва будзе падыходзіць, прапануюць там жыллё.

Прычым, напрыклад, мінчанам можна выбраць любы горад-спадарожнік па душы - яны будуць кардынальна адрознівацца - у кожнага будзе свая спецыфіка: турыстычная, прамысловая або аграрная.