Прыпіскі ў справаздачах - на мільярды выдаткаў

9 сентября 2013
Справы адразу трох гаспадарак Мінскай вобласці чакаюць прававой ацэнкі за прыгожыя лічбы. Колькасць і якасць кармоў на гэтых прадпрыемствах супярэчаць рэальнасці.

Куды ідуць грошы і што губляюць аматары падфарбаваць справаздачы - у рэпартажы Марыны Мураўёвай.

Прыгожыя лічбы на паперы і пустэча ў сянажных траншэях. Між тым, па нарыхтоўцы кармоў Чэрвеньскі раён на 3-м месцы. Рэальная сітуацыя з недахопам сенажу сведчыць аб тым, што бедныя буйнарагатыя схуднеюць яшчэ да новага года.

Адзін з антыпрыкладаў - сельгаспрадпрыемства Раванічы. Каб пракарміць больш за 4 тысячы галоў жывёлы, ім неабходна нарыхтаваць 19 тысяч тон сенажу. Як выявіла праверка - лічба непад'ёмная.

У гэтай гаспадарцы фактычна нарыхтавалі 8,5 тысячы тон сенажу. А ў справаздачы пазначылі на 3,5 тысячы больш. Урэшце, кармоў для зімоўкі жывёлам, безумоўна, не хопіць. Каб набыць неабходнае, давядзецца заплаціць з уласнай кішэні паўтара мільярда рублёў.

Выпадак такой сумнай арыфметыкі не першы. Яшчэ на пачатку года ў Раванічах скончыліся запасы кармоў. Кіраўніцтва гаспадаркі закупіла дадатковыя 2,5 тысячы тон сенажу. А гэта - больш за мільярд рублёў.

На жаль, прыпіскамі часцяком не грэбуюць і іншыя раёны Мінскай вобласці. Сярод іх - Лагойскі, Крупскі, Пухавіцкі і Салігорскі.

А вось Мінскі раён, наадварот, станоўчы прыклад для пераймання. Мінская гароднінная фабрыка - адно са стабільных прадпрыемстваў цэнтральнага рэгіёну. Штодня ў гаспадарцы ў сіласныя траншэі закладваюць па 700 тон корму. Яго хапае не толькі для сябе, а і застаецца на продаж.

У наступным сезоне тут запрацуе і новы зернесушыльны комплекс, які за суткі будзе перапрацоўваць да тысячы тон збожжа. А вось супраць прыпісак - шалі на ўездзе ў гаспадарку.