Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка наведаў Беларускі металургічны завод

24 июля 2020
Знізіць выдаткі і павысіць эфектыўнасць вытворчасці. Такія задачы сёння паставіў прэм'ер Раман Галоўчанка падчас наведвання БМЗ у Жлобіне. Завод вяртаецца да звыклага рэжыму працы. Ужо ў ліпені тут чакаюць рост аб'ёмаў выплаўлення сталі і галоўнае - станоўчую дынаміку па экспарце і атрыманых грошах. На прадпрыемстве адзначылі: страты былі звязаныя з пандэміяй і яе эканамічнымі наступствамі. Галоўны рынак для завода - еўрапейскі. Спажыўцы Старога Свету альбо зніжалі аб'ёмы закупаў, альбо наогул ставілі на паўзу дзеючыя кантракты. Нягледзячы на такую пасіўнасць, вытворчасць не спынялі. За паўгода на экспарт паставілі больш як 80% выпушчанай металапрадукцыі. У геаграфіі - амаль паўсотні краін, у тым ліку - Азіі і Афрыкі.

Раман Галоўчанка, прэм'ер-міністр Беларусі: "На прадпрыемстве склаліся вельмі нядрэнныя тэхналагічныя перадзелы. І тое, што мы зараз бачым, участкі, якія нацэленыя на экспарт, прычым на экспарт у Еўрасаюз. Гэта паказальна, што будучыня ёсць у прадпрыемства. Трэба эканамічна знайсці шляхі, як аптымізаваць выдаткі, як павялічыць аперацыйны прыбытак".

І сёння прэм'ер пагутарыў з калектывам БМЗ. Сярод тэм - як будучыня прадпрыемства і беларускай прамысловасці ў цэлым, так і пытанні, блізкія кожнаму: цэны на электраэнергію і будаўніцтва з дзяржпадтрымкай.