Прадстаўнікі ўлады наведалі знакавыя будаўнічыя аб'екты

15 сентября 2016

Сёння ж па сталіцы, а дакладней, па яе перадавых аб'ектах, праехалі прадстаўнікі ўлады. Адзін з прыпынкаў зрабілі на стадыёне "Дынама", рэканструкцыя якога павінна завяршыцца ўжо ў наступным годзе. Комплекс будзе складацца з галоўнага і размінкавага стадыёнаў, скаладрома, ціра. Акрамя гэтага, тут уладкуюць зоны адпачынку і аздараўленчыя цэнтры. А вось футбольнае поле будзе з натуральным газонам і падагрэвам. І самае галоўнае - зараз стадыён будзе мясціць каля 22 тысяч балельшчыкаў. Наведваючы сёння знакавыя аб'екты сталіцы, віцэ-прэм'ер Анатоль Калінін асаблівую ўвагу надаў пытанням будаўніцтва жылых комплексаў. Сярод новаўвядзенняў - абавязаць забудоўшчыкаў саміх абслугоўваць збудаваныя дамы.

Анатоль Калінін, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: "Забудоўшчык пасля будаўніцтва жылога комплексу павінен прыняць яго ў эксплуатацыю як мінімум на 5 гадоў. Забудоўшчык не перадае гэтае жыллё ЖРЭА і ЖЭС, каб жыхары высвятлялі з імі адносіны далей, а сам эксплуатуе як мінімум на працягу 5 гадоў гэта жылое асяроддзе і вырашае ўсе пытанні".

Удзельнікі выязной нарады наведалі сёння некалькі аб'ектаў. Сярод іх кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень", а таксама жылы квартал у адным з новых мікрараёнаў сталіцы. На думку віцэ-прэм'ера, праекты комплекснай забудовы павінны існаваць і ў прэміум-, і ў эканом-класах. А акцэнт неабходна рабіць на энергаэфектыўныя дамы.