Паслязаўтра ў Мінску чакаюць Старшыню КНР Сі Цзіньпіна

8 мая 2015

У нядзелю адбудзецца афіцыйны візіт кіраўніка Кітая ў Беларусь і журналісты, зразумела, з асаблівай увагай сочаць ужо зараз за падзеямі і каментарыямі, якія з гэтым звязаныя. І ўжо тым больш не маглі мы прапусціць такое. Газета "СБ - Беларусь сегодня" публікуе ў сённяшнім нумары артыкул старшыні КНР. Вось што піша ў ёй Сі Цзіньпін.

"Рашучая падтрымка адно аднаго па пытаннях, якія датычацца ключавых інтарэсаў і сур'ёзных заклапочанасцяў абедзвюх краін, такіх як суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльная цэласнасць, інтарэсы бяспекі і развіцця, з'яўляецца краевугольным каменем і асноўным зместам кітайска-беларускіх адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства. Кітайскі бок гатовы з беларускімі партнёрамі нарошчваць намаганні па ўзаемнай падтрымцы крокаў па абароне нацыянальных інтарэсаў, развіцця і адраджэння краіны, сумесна абараніць нашы карэнныя інтарэсы", - адзначаецца ў артыкуле.

"У працэсе прасоўвання ініцыятывы "Эканамічнага пояса Шаўковага шляху" будзем з беларускім бокам абменьвацца вопытам развіцця і дамагацца таго, каб наша ўласнае развіццё працавала і на карысць беларускага народа. Мы вітаем удзел Беларусі, якая мае ўнікальныя геаграфічныя перавагі, у праекце "Эканамічнага пояса Шаўковага шляху".

Як адзначыў кітайскі лідар, сёння нашы краіны перажываюць ключавы перыяд развіцця. І таму павінны і могуць шмат у чым сумясціць свае стратэгіі і стварыць супольнасць агульных інтарэсаў і агульнага лёсу.