На ўборачнай - першыя камбайнеры-тысячнікі

12 июля 2022

Вялікая і знакавая падзея ў жыцці аграрыяў Беларусі. На ўборачнай - першыя камбайнеры-тысячнікі. І гэта аграрыі Мінскай вобласці. Так, у гаспадарцы "Кухчыцы" Клецкага раёна высокую выніковасць паказаў азімы ячмень -  гэта 94 цэнтнеры з гектара, што вышэй за сярэдні ўзровень па краіне. У выніку героямі-хлебаробамі сталі камбайнер Мікалай Сіцько і яго памочнік Юрый Неўмывака. На транспарціроўцы вызначыўся вадзіцель збожжавоза Віталь Кішко.

Такім чынам у "Кухчыцах" першымі намалацілі і перавезлі з палёў больш за тысячу тон збожжавых. І нават дажджлівае надвор'е не стала перашкодай для ўрачыстага ўшанавання нашых хлебаробаў. У Клецкі раён з падарункамі і дыпломамі прыехалі прадстаўнікі Мінаблвыканкама, прафсаюзаў. Для самой жа гаспадаркі такая ўвага - гэта і прэстыж, і стымул для новых высокіх дасягненняў.

Сам Клецкі раён традыцыйна ў пяцёрцы лідараў жніва Мінскай вобласці як па валавым аб'ёме збожжа, так і яго ўраджайнасці. Вось і ў гэтым сезоне ў планах мясцовых сельгаспрадпрыемстваў намалаціць 85.000 тонн збожжа.