Перспектывы "Нафтана"

15 марта 2016

Беларускі "Нафтан" сёння не закінуў мадэрнізацыю і не паменшыў сацыяльны пакет для сваіх працаўнікоў. З аб'ектыўных прычын: прасеўшых рынкаў краін-партнёраў і падзення цэн на чорнае золата, - вядома, прыбыткаў не далічыўся. Але імкнецца, каб часовыя знешнія фактары не моцна білі па кішэні працаўнікоў. Пакінуў для іх пашыраны сацпакет і добры дадатак да пенсіі. Таму кіраўніцтва "Нафтана" абурыла сфабрыкаваная заява пра нібыта банкруцтва прадпрыемства, якая з'явілася ў Інтэрнэце.

У сітуацыі разбіралася наш карэспандэнт Святлана Лук'янюк.

У рабочы поўдзень на "Нафтане" ўсе працуюць. Як і цэлыя суткі: праца тут па зменах. Кіраўніцтва засвядчае, што не спыняліся ні на адзін дзень. Імкнуцца зарабляць нават у няпростай эканамічнай сітуацыі і пры нестабільных цэнах на нафту.

Аб'ектыўныя прычыны, вядома, знізілі эканамічныя паказчыкі, але ні пра якую крытычную сітуацыю гаварыць не даводзіцца. Хоць у апошнія дні менавіта гэта абмяркоўваецца ў Інтэрнэце. У выхадныя на адным з парталаў з'явіўся ліст нібы ад працаўнікоў "Нафтана", дзе напісана: зараз прадпрыемства з квітнеючага ператварылася ў банкрута, з кіруючых пасад прыбралі ўсіх мясцовых спецыялістаў. Акрамя таго, гаворыцца: сённяшняе кіраўніцтва прадпрыемства імітуе бурную дзейнасць і эканоміць спрабуе на зарплатах, забірае ўсе льготы, сацыяльныя пакеты, прыпыняе калектыўныя дагаворы. Ад імя нібы працаўнікоў подпіс Чабан А.М.

Нам атрымалася высветліць, хто ён такі. Аляксей Чабан на "Нафтане" сапраўды працаваў, але з мая мінулага года ён салдат-тэрміновік. Пра свой адкрыты ліст даведаўся толькі ад бацькоў.

Далей - болей: подпіс пад тым лістом салдат не пазнае. Паказвае нам свой сапраўдны ўжо ў лісце кіраўніцтву "Нафтана", дзе засвядчае: ніякага звароту не пісаў.

Кіраўніцтва Федэрацыі прафсаюзаў таксама атрымала гэтую заяву і вырашыла на месцы разабрацца, як абароненыя працаўнікі і што з калектыўнымі дагаворамі. Ці праўда, што яны змяніліся. Разам з прафсаюзамі ў Наваполацк прыехала і наша здымачная група, у першую чаргу, каб пагутарыць з працаўнікамі.

Сярэдняя зарплата сёння на "Нафтане" - 11 мільёнаў рублёў, і без затрымак; да 90 працэнтаў за лячэнне ў прафілакторыі плаціць прадпрыемства, у яго ёсць і база адпачынку, і дзіцячы лагер, і паліклініка. У ёй сучаснае абсталяванне, нават тыя, хто не працуе на "Нафтане", абследуюцца тут, хоць і платна.

Для працаўнікоў - матэрыяльная дапамога да водпуску, добрыя скідкі і на аздараўленне, і спорт, напрыклад, абанементы ў басейн.

Такі сацпакет не ў кожнага прадпрыемства Беларусі. "Нафтан" спрабуе выдужаць нават пры падзенні валавай выручкі і паніжэнні прыбытку.

Сёння "Нафтан" не закінуў і мадэрнізацыю. Узводзіць адразу два буйныя аб'екты - сучасныя комплексы па паглыбленай перапрацоўцы нафты. Вось такі, напрыклад, зможа павысіць якасць перапрацоўкі з 70 да 90 працэнтаў. Яго здадуць ужо ўвосень.

Тэрміны заканчэння мадэрнізацыі, вядома, перанасілі. Спрычыніўся недахоп фінансаў. Але крэдытамі падтрымаў Банк развіцця. І сёння работы не спыняюцца.

А ўвядзенне новых усталёвак - гэта і новыя рабочыя месцы. Усё гэта больш гаворыць пра перспектывы развіцця, чым пра заняпад.