Новы закон аб гандлі распрацоўваецца ў Беларусі

28 июля 2013
На восеньскай сесіі яго разгледзяць дэпутаты. Дакумент павінен ураўняць прысутнасць буйных гандлёвых сетак у рэгіёнах. Акрамя таго, Мінгандаль прапаноўвае беларускім магазінам першымі на прасторах СНД увесці сістэму TAX FREE для іншаземцаў. Дарэчы, працаўнікі гандлю сёння адзначаюць прафесійнае свята.

Падрабязнасці новых правіл гандлю - у Дзмітрыя Смірнова.

Старому закону аб гандлі сёлета споўнілася 10 гадоў. За гэты час некаторыя магазіны ператварыліся ў буцікі, а на месцы пустэч узвялі гіпермаркеты і гандлёва-забаўныя цэнтры. У Мінгандлю не без прычыны лічаць - новаму беларускаму рынку патрэбен і новы закон. Па меркаванні чыноўнікаў, дакумент забяспечыць выразныя і празрыстыя правілы гульні. Сярод іншага - некаторыя з новых правіл напрамую закрануць буйныя гандлёвыя сеткі. Тым, хто сёння дамінуе, вызначаць межы.

Валянцін Чаканаў, Міністр гандлю Беларусі: Кожная гандлёвая сетка, якая жадала б развівацца ў тым або іншым рэгіёне - будзь то горад, раён, вобласць - будзе мець абмежаванні ў 20%. Пакуль вось такая прапанова.

Аднак размова не толькі аб абмежаваннях. Мінгандаль выводзіць айчынныя магазіны на міжнародны ўзровень, запускаючы вяртанне падатку на дабаўленую вартасць для іншаземцаў. Эксперты спадзяюцца, што TAX FREE - сістэма звароту падаткаў пры вывазе тавару за мяжу - цалкам запрацуе ў 2014 годзе - да чэмпіянату свету па хакеі. Беларускія магазіны будуць вяртаць 15% пры ўмове, што тавар каштуе не менш чым 800 000 рублёў.

Вызначылі і першага аператара TAX FREE - Белмытнсервіс. Сам жа прынцып звароту ПДВ на мяжы практычна не адрозніваецца ад іншых краін.

Валянцін Чаканаў, Міністр гандлю Беларусі: У адным магазіне ў адзін дзень трэба набыць тавары не менш, чым на 800 тысяч беларускіх рублёў, гэта каля 100 долараў ЗША. Гэта не будзе датычыцца цыгарэт і віна-гарэлачных вырабаў.

TAX FREE яшчэ трэба будзе прайсці абкатку на айчынным рынку. Аднак, каб сістэма запрацавала паўнацэнна і прынесла чаканую карысць, без садзейнічання гандлёвых сетак і іх цэнавай палітыкі не абысціся. Вывозіць беларускія тавары за мяжу павінна стаць выгадна.