Новы экапраект рэалізуецца ў Пухавіцкім раёне

16 января 2018

Змагацца са стыхійнымі звалкамі і перапрацоўваць састарэлую бытавую тэхніку - на гэта накіраваны новы экапраект, які зараз рэалізуецца ў Пухавіцкім раёне. Сёння, у рамках зялёнай ініцыятывы, у Мар'інай Горцы адбылася ўрачыстая перадача камунальнай тэхнікі ў раённую камунальную арганізацыю. У праект па паляпшэнні сістэмы абыходжання з адходамі актыўна ўключаюцца і школьнікі Пухавіцкага раёна. Надзея Сербіненка - з падрабязнасцямі.

Вучань 4 класа Елізар Адашкевіч да паасобнага збору смецця знайшоў творчы падыход. На конкурс малюнкаў на экатэматыку ён даслаў васьмінога, які клапоціцца пра навакольнае асяроддзе. Ідэю ацанілі. Работа юнага мастака стала лагатыпам раённага праекта па заахвочванні да паасобнага збору адходаў.

Сёння ў Мар'інай Горцы падвялі вынікі творчага конкурсу. Дзеці з усяго раёна дасылалі свае малюнкі на экалагічную тэматыку, і 12 лепшых сталі ілюстрацыямі для новага календара.

Праект па ўдасканаленні абыходжання з адходамі ў Пухавіцкім раёне фінансава падтрымлівае Еўрасаюз. Так, сёння адбылася ўрачыстая перадача камунальнай тэхнікі.

Сёння, дзякуючы экапраекту Еўрасаюза, у Пухавіцкім раёне з'явілася і новая тэхніка - мікрааўтобус і бульдозер. Для камунальнай арганізацыі раёна. Ліквідаваць стыхійныя звалкі і ўтылізаваць састарэлую бытавую тэхніку ў сельскай мясцовасці.

За апошні год Пухавіцкі раён яшчэ больш наблізіўся да статусу "зялёнага". Устаноўлены кантэйнеры для перапрацоўкі арганічных адходаў, інфармацыйныя білборды. І ўсё ж вялікую работу яшчэ трэба праводзіць з мясцовым насельніцтвам - заахвочваць сартаваць смецце і не захоўваць старыя электрапрыборы на ўчастках.

У 2018 годзе ў Пухавіцкім раёне будуць рэалізаваны новыя экалагічныя праекты. Адзін з іх - новы палігон па сартаванні смецця.