Новыя пункты судакранання ў супрацоўніцтве адкрываюць Беларусь і В'етнам

19 сентября 2013

Аб сумесных распрацоўцы і вытворчасці кампанентаў для касметычнай галіны дамовіліся навукоўцы дзвюх краін. Гэта будуць папулярныя зараз араматычныя дабаўкі, прадукты з водарасцяў і эфірныя алеі.


Аб гэтых і іншых сумесных планах беларускіх і в'етнамскіх навукоўцаў раскажа Наталля Тарасюк.


Дзмітрый Стрыжакоў працуе над праектам перапрацоўкі расліннай сыравіны ў каштоўныя хімічныя прадукты. Гэтай распрацоўкай больш за пяць гадоў назад сур'ёзна зацікавіліся калегі з В'етнамскай акадэміі навук і тэхналогій.


Дзмітрый Стрыжакоў, малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі нафтахіміі інстытута хіміі новых матэрыялаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: Мы даследавалі іх рысавую салому, якой у іх вельмі шмат, таму што гэта краіна рысу. Для іх гэта з'яўлялася адыходам. І вось мы паказалі, магчымасць атрымання з рысавай саломы каштоўных хімічных элементаў, такіх як воцатная кіслата, метанол, ацэтон.


Сёння на базе нашага інстытута працуе сумесны з В'етнамам хіміка-тэхналагічны цэнтр. Ужо створана чатыры такія сумесныя цэнтры з В'етнамскай акадэміяй навук і тэхналогій. Беларускія навукоўцы разам з калегамі з В'етнама працуюць над самымі рознымі праектамі. Гэта бія- і нанатэхналогіі, энергетыка і нават сельская гаспадарка.


Што да агратэхналогій, то ў хуткім часе можа з'явіцца сумеснае беларуска-в'етнамскае прадпрыемства па выпуску сельскагаспадарчай тэхнікі для вырошчвання, уборкі і захоўвання рысу. Акрамя таго, навукоўцы з В'етнама ўскладаюць вялікія надзеі і на праекты ў сферы высокіх тэхналогій.


До Чыонг Цьен, начальнік упраўлення па развіцці прыкладных тэхналогій В'етнамскай акадэміі навук і тэхналогій: Мы лічым, што адзін з самых перспектыўных кірункаў - супрацоўніцтва з Беларуссю ў галіне высокіх тэхналогій. Гэта не толькі навукова-даследчая работа навукоўцаў дзвюх краін, але і стварэнне сумесных навукаёмістых вытворчасцяў.


Яшчэ адзін перспектыўны, і, мабыць, адзін з самых цікавых - праект па стварэнні прадпрыемства па вытворчасці кампанентаў для касметычнай галіны.


Сяргей Чыжык, намеснік старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар тэхнічных навук: Ужо ёсць дамоўленасці па стварэнні сумеснага прадпрыемства па атрыманні фітапрэпаратаў. У В'етнаме вельмі цікавая расліннасць, флора, якая ў нас адсутнічае. Яе мы жадалі б выкарыстаць для атрымання новых лекавых прэпаратаў, касметычных прэпаратаў.


Дарэчы, жэньшэнь, які расце сёння ў нашым батанічным садзе, прыехаў у Мінск менавіта з В'етнама. Магчыма, ужо ў найбліжэйшай будучыні ў аранжарэях сталічнага парку з'явяцца і іншыя расліны з гэтай краіны. Бо пункты судакранання беларускія і в'етнамскія навукоўцы знайшлі нават у тэме вырошчвання экзатычных кветак.