Новыя напрамкі супрацоўніцтва Беларусі і Новасібірскай вобласці: ад паставак дарожнай тэхнікі да распрацоўкі электронікі для касмічных апаратаў

26 января 2023

Вытворчасць трамваяў, запуск пілотнага электробуса МАЗ і адкрыццё гандлёвых дамоў гігантаў беларускага машынабудавання. Беларусь і Новасібірская вобласць аднаўляюць парушаныя з-за пандэміі лагістычныя ланцужкі і распрацоўваюць новыя сумесныя праекты. Стаўку зрабілі на прамысловую кааперацыю, бо дзякуючы ёй Расія і Беларусь могуць канкурыраваць на сусветным рынку і супрацьстаяць санкцыйнаму націску. Дар'я Белавусава-Пятроўская пабывала ў сталіцы Сібіры і расказала пра ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з гэтым расійскім рэгіёнам.

Больш за 4 тысячы кіламетраў і 5 гадзін авіяпералёту. І вось Новасібірск сустракае маразамі і снегападам. Гэта самы малады (сёлета адзначае 130-годдзе) і самы хуткарослы расійскі горад-мільённік. Такой колькасці жыхароў дасягнуў усяго за 70 гадоў. Для параўнання, Маскве для гэтага спатрэбілася 400 гадоў.

Новасібірск - адзін з самых вялікіх гарадоў Расіі. Яго яшчэ называюць сталіцай Сібіры. Па колькасці насельніцтва ён займае трэцяе месца пасля Масквы і Санкт-Пецярбурга. І сёння гэта найбуйнейшы навуковы, дзелавы і транспартны цэнтр Сібіры.

Дарэчы, у сярэдзіне 1990-х гадоў абнаўленне гарадскога транспарту Новасібірск пачынаў менавіта з МАЗаў. Беларускія аўтобусы служылі доўга і надзейна некалькі дзесяцігоддзяў, апошні сышоў з маршруту ў 2022 годзе. І зараз горад мае вострую патрэбу ў сучасным электратранспарце. Ужо некалькі гадоў тут працуе беларуска-расійскае прадпрыемства па вытворчасці трамваяў. Пачыналі з рэстаўрацыі састарэлых мадэляў, а зараз партнёры выходзяць на серыйную вытворчасць новых.

І зусім новая для Новасібірска тэма - гэта запуск пілотнага электробуса МАЗ. Зараз ідуць першыя выпрабаванні ў першую чаргу на ўстойлівасць да мясцовага клімату, бо ў Сібіры летам можа быць да плюс 35, а зімой да мінус 40 градусаў.

З пункта погляду тавараабароту і інвестыцыйнага супрацоўніцтва для Беларусі Новасібірск - топавы рэгіён. І сёння за кошт новых праектаў і аднаўлення лагістычных ланцужкоў партнёры могуць вярнуцца на дапандэмійны ўзровень у 500 млн долараў.

Дзмітрый Крутой, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расіі:

Дзякуй богу, апошнімі гадамі мы расцём (плюс 25 %) і паступова ўсё аднаўляем. Вельмі шмат тэм. Калі вы паглядзіце структуру нашых экспартных і імпартных паставак, то ўбачыце, што там пераважаюць прамысловыя тавары і супрацоўніцтва ў  галіне прамысловасці. Новасібірск з'яўляецца буйным прамысловым цэнтрам, тут 10 % усёй прамысловай прадукцыі Сібіры вырабляецца. Таму нашы флагманскія кампаніі тут прадстаўлены вельмі шырока.

Адна з такіх кампаній - таварыства з абмежаванай адказнасцю "ГД МТЗ-Сібір". Пачыналі з продажаў 8 соцень трактароў за год. Сёння гэтая лічба павялічылася да 2,5 тыс. адзінак. Самая папулярная і надзейная мадэль - 82.1. Супрацоўнікі жартам называюць яе "беларускім аўтаматам Калашнікава".

Па словах генеральнага дырэктара "Гандлёвага дома МТЗ-Сібір", сёння машынабудаванне - гэты стратэгічны напрамак для Беларусі. Пасля сыходу заходніх кампаній у Новасібірскім рэгіёне ў краіны з'явіліся перавагі, але адначасова і гандлёвы сапернік - Кітай, які спрабуе перайграць Беларусь цаной. І для таго, каб з ім канкураваць, Рэспубліка Беларусь павінна прымножыць свае перавагі: палепшыць сэрвіс, дасканала вывучыць рынак і працаваць канкрэтна пад спажыўца.

Прыклад прамысловай кааперацыі Беларусі і Расіі - новасібірскі завод "Сібэлектрапрывад". Дарэчы, як ні парадаксальна, ужо 13 гадоў ім кіруе чэх Міхаіл Вахун. Стаўку на імпартазамяшчэнне зрабіў яшчэ да ўвядзення санкцый, і сёння электрарухавікі для кар'ерных самазвалаў БелАЗ  на 99 % складаюцца з расійскіх камплектуючых.

Магчыма, хутка ў Новасібірску з'явіцца буйны гандлёва-сэрвісны цэнтр "Амкадор" і гандлёвы дом беларускага лёгпрама. Гэтыя пытанні будуць абмяркоўваць ужо ў сакавіку 2023 года падчас візіту дэлегацыі з Новасібірска ў Беларусь.