Ноу-хау ў сферы будаўніцтва - пілотны для Беларусі праект рэалізуе Салігорскі домабудаўнічы камбінат

11 марта 2024

Новыя праекты ў сферы жыллёвага будаўніцтва Беларусі. Так, у цэхах Салігорскага домабудаўнічага камбіната ідзе мантаж лініі па выпуску шматпустотных пліт перакрыцця. Пастаўшчык абсталявання з Расіі. Такі від будаўнічай канструкцыі дазволіць прадпрыемству з шахцёрскай сталіцы ўзводзіць прынцыпова новыя для рынку Беларусі каркасна-панэльныя дамы. У такіх праектах дзейнічае формула "бюджэтна і якасна", а асаблівасць планіроўкі дазволіць актывізаваць малы бізнес у кварталах, дзе ўзводзяць новабудоўлі.

Таксама Салігорскі домабудаўнічы камбінат сёння рэалізуе і яшчэ адзін праект, пілотны для нашай краіны. Гэта будаўніцтва школы з жалезабетонных панэляў. Установа адукацыі, разлічаная на тысячу школьнікаў, будзе са спартыўным профілем. Збудаванне ўключае тэнісныя корты, тры спартыўныя залы і басейн.

Гэтым праектам ужо зацікавіліся і іншыя рэгіёны Мінскай вобласці. Навучальныя установы па такім прынцыпе плануюць пабудаваць таксама ў аграгарадку Прылукі і горадзе Жодзіна.