Нашы аграномы к святу вырасцілі каля мільёна кветак

4 марта 2015

Попыт падагрэла мужчынская частка насельніцтва, якая ўжо з пачатку сакавіка пачала штурмаваць кветкавыя магазіны. Пік продажаў на самы папулярны падарунак да 8 Сакавіка чакаецца ў выхадныя. Але ўжо зараз прадстаўнікі гэтага бізнесу гавораць аб кветкавым буме.

Што змятаюць з прылаўкаў і ці павысіўся цэннік, даведваўся Дзмітрый Цітоў.

Першыя набегі на кветкавыя магазіны. Ужо з пачатку сакавіка дзверы гандлёвых пунктаў за змену практычна не зачыняюцца. Прадаўцы супакойваюць - кветак павінна хапіць усім да 8-га Сакавіка ўключна.

Традыцыйна ў лідарах па продажах класічная бардовая ружа беларускай вытворчасці. Больш сталі купляць цюльпанаў, а таксама жывых раслін у вазонах.

У сталіцы зараз функцыянуюць 300 спецыялізаваных аб'ектаў. К святу ў нашых цяпліцах зрэзалі каля мільёна кветак.

Каля 20 мільёнаў кветак было рэалізавана за мінулы год. І толькі 10% ад гэтай колькасці вырошчваецца ў нашых цяпліцах. Каб бізнес квітнеў, аграномы пачынаюць рыхтавацца да свята ўжо ў пачатку снежня.

Сёлета сітуацыя змянілася. Замежная кветка, набытая за валюту, прайграе ў цане кветкам мясцовым. Аграномы імкнуцца скарыстацца сітуацыяй, павялічыць продажы, а значыць папоўніць немалыя сродкі, якія выдзяляюцца на электрычнасць у цяпліцах і іх ацяпленне. Павялічваюць колькасць саджанцаў. Калі летась з гэтай цяпліцы аптавікі вывозілі 9 тысяч руж за дзень, то зараз купляюць 13.

Павел Зянкевіч, галоўны аграном кветкава-аранжарэйнага комплексу: "Сёлета мы прапанавалі на 50 тысяч больш, чым летась. Калі разгледзець галандскую ружу, то яна дастаўляецца на працягу 4 дзён. Вось мая ружа такога плана ў кабінеце ўжо 15 дзён стаіць і нармальна сябе адчувае, не збіраецца вянуць".

За першы тыдзень сакавіка кветак рэалізуюць у 10 разоў больш, чым звычайна. Іх цана засталася на ўзроўні мінулага года. Некаторыя айчынныя гатункі патаннелі.

У 2014 прададзена букетаў на 200 мільярдаў рублёў. У гэтым сезоне кветкаводы ідуць на рэкорд. Пік продажаў плануюць на выхадныя.