Набірае абароты будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага комплексу ў Любанскім раёне

27 июля 2018

Новая старонка ў гісторыі калійнай галіны Беларусі: набірае абароты будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага комплексу ў Любанскім раёне. Слаўкалій плануе ўкласці ў яго 2 мільярды долараў. Па сутнасці, гэта будзе буйны індустрыяльны кластар, які ўмацуе эканамічныя пазіцыі краіны як на ўнутраным, так і знешніх рынках. Калійныя ўгнаенні, якія будуць тут вырабляць, дапоўняць лінейку прадукцыі Беларуськалія. Яшчэ гэта добры прыклад таго, як дзякуючы буйным інвестыцыям не проста ствараюцца прадпрыемствы і новыя працоўныя месцы, але і зменьваюцца цэлыя рэгіёны. Сёння будпляцоўку ГАКа наведаў кіраўнік Слаўкалія Міхаіл Гуцэрыеў. Расійскі фундатар заўсёды пільна назірае за ходам будаўніцтва. На чарговай нарадзе з падраднымі арганізацыямі стала вядома, якія аб'екты ўвядуць у эксплуатацыю ўжо да канца гэтага года. Усе падрабязнасці ў Ілоны Красуцкай.

Верасень 2015-га жыхарам Любанскага раёна запомніўся асабліва. На іх зямлі з'явілася новае буйное прадпрыемства. Сімвалічную капсулу на старце ўзвядзення Нежынскага горна-абагачальнага камбіната тады заклалі Кіраўнік беларускай дзяржавы і расійскі фундатар Міхаіл Гуцэрыеў.

З тых часоў кіраўнік Слаўкалія часты госць у Беларусі. І гэта заканамерна. Праект маштабны, коштам у два мільярды долараў пад кантролем Кіраўніка дзяржавы. Ход будаўніцтва Аляксандр Лукашэнка часта абмяркоўвае падчас асабістых сустрэч з фундатарам.

Праз 3 гады з моманту старту праекта гэтыя землі, багатыя карыснымі выкапнямі, прыкметна змяніліся. Фундатары зрабілі і першы крок у развіцці сацыяльнай інфраструктуры. Летась у Любані здалі ў эксплуатацыю новы жылы дом на 40 кватэр. Пляцоўку будаўніцтва ГАКа чарговы раз сёння наведаў Міхаіл Гуцэрыеў. У інтэрв'ю ён неаднаразова заяўляў аб тым, што прысвячае праекту 6 выхадных на месяц. Сёння пятніца, будны дзень. Гуцэрыеў распавядзе: гэткая пільная ўвага да праекта не звязаная з праблемамі. Проста ён перфекцыяніст ва ўсім, пачынаючы ад вонкавага выгляду, і ўжо, тым больш, усяго, што датычыцца працы.

З дакладаў стала зразумела: ужо да канца гэтага года на аб'екце здадуць 1-ы пускавы комплекс паніжаючай падстанцыі на 100 кВ "Нежынская" і пад'язную дарогу да ГАКа даўжынёй амаль 4 км. Завершыцца і рэканструкцыя чыгуначнай станцыі "Урэчча".

ГАК узводзяць на месцы Старобінскага радовішча паблізу ад Салігорска - аднаго з найбуйнейшых у свеце. Разведка ўчастку паказала: прамзапасы тут перавышаюць 300 мільёнаў тон. Яны і сталі сыравіннай базай для праектавання новай рудні. Максімум за 4 гады Слаўкалій разлічвае запусціць комплекс у Беларусі.

У перспектыве комплекс дазволіць нарасціць вытворчасць калійных угнаенняў у Беларусі да 14 мільёнаў тон за год. Дадатковы экспарт, рост падатковых паступленняў - усё гэта надасць дадатковы імпульс развіццю краіны. Фінансуе праект найбуйнейшы сусветны спажывец калійных угнаенняў і наш стратэгічны партнёр Кітай. Пасля выхаду на поўную магутнасць прадпрыемства будзе забяспечваць Паднябесную каліем - да 2 млн. тон штогод. Экспартам зоймецца Беларуская калійная кампанія.

Для Любаншчыны Нежынскі ГАК - гэта не проста значная вытворчасць. Хутчэй, абсалютна новы паварот у жыцці рэгіёна: зменіцца яго аблічча, жыццё людзей. Хоць і зараз тут усё нядрэнна. У цэлым, Мінская вобласць лідзіруе сярод рэгіёнаў краіны па ўсіх паказчыках. Трэба толькі больш актыўна прыцягваць інвестыцыі.