На Барысаўдрэве павялічваюць пастаўкі на экспарт тонкіх пліт МДФ і фанеры

21 октября 2021

Сваю эфектыўнасць паказваюць і актуальныя інвестпраекты ў сферы дрэваапрацоўкі. На Барысаўдрэве павялічваюць пастаўкі на экспарт тонкіх пліт МДФ і фанеры. Павышаны попыт дыктуе бум на будаўнічым рынку краін-суседак. 

Само прадпрыемства пасля мадэрнізацыі выйшла на станоўчую рэнтабельнасць. Пра другую маладосць прамысловага гіганта  больш чым з векавой гісторыяй  -  Аляксей Кандраценка. 


Асіна, бяроза, алешына, елка і хвоя… Зялёныя багацці лясоў Барысаўскага раёна штабелямі ўкладваюць у высокі масіў. 70 % ліставых і 30 іглічных парод дрэў фарміруюць прамысловыя інгрэдыенты,  з якіх зробяць адзін з самых запатрабаваных матэрыялаў для вытворчасці мэблі - тонкія пліты МДФ. 


Аляксандр Валкавец, намеснік гендырэктара ААТ "Барысаўдрэў":


На гэтай пляцоўцы ў нас перагрузачная машына падае на стол для машыны, якая рубіць. Там мы вырабляем дранку тэхналагічную і сартуем па асобных карманах - ігліца і лістота. І далей пагрузчык Амкадор каўшом падае на бункер падачы, дзе потым, змешваючы на розных хуткасцях, мы атрымліваем дранку для вытворчасці валакна.


Далей справа тэхнікі!  Дакладней, вялікай прамысловай лініі Барысаўдрэва па вытворчасці пліт МДФ. Яны спатрэбяцца прадпрыемствам у Расіі і краінах СНД, дзе выпускаюць, напрыклад, міжпакаёвыя дзверы або іншыя элементы мэблі. Гэтая прадукцыя сёння фарміруе 60 % экспартнага аб'ёму. Чвэрць продажу займае фанера - таксама запатрабаваны матэрыял. 


Андрэй Шчамялёў,  гендырэктар ААТ "Барысаўдрэў":


Па фанернай прадукцыі - гэта 90 % экспарт у краіны Еўропы, і ўжо мы прапрацоўваем рынкі Англіі і Амерыкі. Наша прадукцыя ўся сертыфікаваная, ёсць еўрапейскія і амерыканскія сертыфікаты. Гэта гаворыць пра тое, што мы сочым за якасцю і адпаведна, мы канкурэнтаздольныя.


Асабліва асіна, якой шмат вакол Барысава, лепш за ўсё падыходзіць для вытворчасці маленькіх, але незаменных у побыце прадметаў. 

Барысаўдрэў заўсёды быў вядомы як месца, дзе робяць запалкі. Паўстагоддзя таму тут выпускалі 2,5 мільярда пачкаў за год! Прадпрыемства і сёння адзіны ў краіне вытворца такой прадукцыі. 

Новая лінія стругае і апрацоўвае за гадзіну па 5 мільёнаў штук драўнянай саломкі. Запалкі прадаюць у Беларусі і Расіі. Зрэшты, гэта яшчэ і традыцыйны брэнд, па якім ведаюць горад на Бярэзіне. Гісторыю вытворчасці захоўвае начальнік цэха Ірына Быкава. На пачках - сімвалы свят, легендарныя заводы і проста арыгінальны дызайн. Многія ўпакоўкі запалак - калекцыйныя рарытэты.

Напэўна праз некалькі гадоў запалкавым артэфактам стануць і пачкі з юбілейнай серыі прадпрыемства. Гэтай восенню аднаму з найстарэйшых заводаў Мінскай вобласці - Барысаўдрэву - 120!