МТЗ пачне выпускаць трактары з рухавікамі пятай экалагічнай ступені

28 ноября 2018

Палітыка дыверсіфікавання рынкаў збыту, якой прытрымліваецца Беларусь, магчымая толькі пры канкурэнтаздольнай эканоміцы і высокіх стандартах якасці выпусканай прадукцыі - упэўненыя эксперты. Мінскі трактарны завод у наступным годзе пачне выпускаць трактары з рухавікамі самай высокай - пятай - экалагічнай ступені. Кантракт на новую буйную пастаўку камплектуючых фірмы "Катэрпілар" сёння падпісалі кіраўнікі завода і нямецкай кампаніі-пастаўшчыка. Zeppelin Power Systems ужо шмат гадоў здзяйсняе пастаўкі амерыканскіх рухавікоў на рынак еўрапейскіх краін і ў Расію. Наладжана супрацоўніцтва і з беларускімі кампаніямі - гэта ў тым ліку пастаўкі рухавікоў для лакаматываў Беларускай чыгункі, абсталявання для Мінскага завода колавых цягачоў і "Газпрамтрансгаз Беларусь". Апроч падпісання кантракта, партнёры абмеркавалі планы па cервісным абслугоўванні абсталявання ў Беларусі.

Фолькер Пасегель, гендырэктар Кампаніі Zeppelin Power Systems (Германія): "Мы тут, каб нарасціць аб'ёмы паставак і ўмацаваць наша супрацоўніцтва. Чатыры гады таму мы сумесна з трактарным заводам толькі пачыналі працу, але зараз набралі добрую хуткасць. І зараз з'яўляемся буйнымі партнёрамі МТЗ. У сувязі з узмацненнем жорсткасці экалагічных патрабаванняў да вытворцаў мы значна павялічваем пастаўкі рухавікоў новага пакалення ў Беларусь".

На дадзены момант самыя экалагічныя рухавікі, якімі ўкамплектаваныя трактары BELARUS, маюць чацвёртую экаступень. Новы экалагічны стандарт "Стэйдж пяць" у еўрапейскіх краінах будзе ўведзены ў наступныя два гады. Ён значна стражэйшы за дзеючыя экалагічныя нормы і накіраваны на абмежаванне выкідаў шкодных рэчываў у атмасферу.