Мінская вобласць - лідар па прыцягненні замежных івестыцый

28 января 2014
Мадэрнізацыя абсталявання і павышэнне якасці выпускаемай прадукцыі ў малочнай галіне дазволіла прадпрыемствам цэнтральнага рэгіёну павялічваць экспарт і разам з тым замяшчаць імпарт. Як прыклад, Маладзечанскі малочны камбінат. Нядаўна тут на поўную магутнасць запрацавала новая лінія па выпуску дробнапарцыённых сыроў і цэх па прыгатаванні італьянскай мацарэлы.

Як працуе малочны холдынг сёння і які прыбытак далі ўкладзеныя ў мадэрнізацыю грошы - ведае Наталля Кезік.

У гэтых цэхах амаль не сустрэнеш людзей. Працэс прыгатавання тварагу, масла, малака і сыроў наладжаны тут з дапамогай машын. Работнікі толькі кантралююць працэс праз маніторы. Пры такім распарадку працоўнага дня застаецца час і на асваенне новых тэхналогій. На працягу тыдня на Маладзечанскім заводзе працаваў італьянскі майстар - выкладаў тэхнолагам рэцэпт мацарэлы.

Нядаўна тут наладзілі і працэс выпуску цвёрдага сыру - галоўкі вагой паўтара кілаграма і брускі - чатыры. Раней яны важылі ад шасці да дзевяці кілаграмаў.
Пры гэтым вытворчасць сыру, незалежна ад вагі, як і была, так і застаецца самай складанай малочнай вытворчасцю. Але навінкі ніколькі не палохаюць калектыў амаль у тысячу чалавек. На малочным камбінаце актыўна выпускаюць новую прадукцыю, якая становіцца канкурэнтам замежных брэндаў на прылаўках. На мадэрнізацыю малочнага камбіната за пяць гадоў было накіравана 58 мільёнаў долараў.

Чатыры заводы - Вілейскі, Валожынскі, Мядзельскі і Маладзечанскі - аб'ядналіся ў адзіны малочны холдынг пяць гадоў таму. Цяпер кожны філіял спецыялізуецца на выпуску канкрэтнай прадукцыі. Раней прадпрыемствы-суседзі выпускалі аднолькавыя найменні тавараў.

Цяпер холдынгу прасцей працаваць і на экспартным рынку - замежным партнёрам можна прапанаваць сотні тон прадукцыі і дзясяткі розных найменняў. Таму на працягу пяці гадоў экспартныя лічбы Маладзечанскага малочнага камбіната толькі павялічваюцца. Але на прадпрыемстве і зараз ёсць незапатрабаваны патэнцыял. Яго, магчыма, хутка накіруюць на выпуск сыроў больш доўгага тэрміну выспявання.