Мінск рыхтуецца стаць пляцоўкай для дыялогу палітыкаў і бізнесменаў

16 ноября 2017

У сталіцу Беларусі з'язджаюцца каля 300 удзельнікаў "Мінскага форуму - 2017: Беларусь, Германія і ЕС: Усходняе партнёрства, эканамічныя адносіны і грамадства". Адной з цэнтральных тэм перамоў стане будучыня ўступлення Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.

Райнер Лінднер, старшыня XV Мінскага форуму:

"Германія разглядае Беларусь як вельмі важную краіну ў суседстве Еўрапейскага саюза. Гэта вельмі важная краіна ў рамках "Усходняга партнёрства". Мэты гэтага форуму - як і ў мінулых гадах займаемся, па-англійску я б сказаў future trands, трэндамі будучыні. Як будуецца Беларусь праз 10 гадоў, якія новыя тэхналогіі ў палітычным, эканамічным, грамадскім сэнсе слова, як выглядае сучаснае грамадства, якія важныя рэформы трэба ўкараніць? У нас прадстаўнікі: эксперты, навукоўцы, палітыкі, бізнесмены - такая цікавая сумесь розных кірункаў".

Петэр Дэтмар, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Германіі ў Беларусі:

"Для нас у першую чаргу важна, каб на Захадзе павышалася цікавасць прадпрыемстваў, эканамічных аб'яднанняў у дачыненні да Рэспублікі Беларусь, каб яны ў эканамічным асяроддзі маглі падумаць, прыняць рашэнні і прыехаць сюды на эканамічную пляцоўку і прыняць рашэнні па канкрэтных праектах".

На Мінскам форуме выступяць віцэ-канцлер, Федэральны міністр замежных спраў Германіі Зігмар Габрыэль і Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Бакі адзначаюць, што тэма ўмацавання двухбаковых адносін асабліва актуальная на фоне маючага адбыцца саміту "Усходняга партнёрства" ў Бруселі.