Мільярды бюджэтных сродкаў - у зямлю

3 декабря 2013
Праграма развіцця пладаводства ў Беларусі яшчэ 7 гадоў назад вызначыла гаспадаркі для вырошчвання садавіны. Гатовы былі бязвыплатна дапамагчы і фермерам. Але праверкі зараз паказалі, што далёка не ўсе справіліся з пастаўленай задачай.


Падрабязней - Уладзімір Сёмкін.

На вырошчванне ягадніка прыватніку выдаткавалі каля 70 тысяч долараў. Але ў выніку - ні ягад, ні грошай. СВК Заранскі атрымаў паўмільярда рублёў. Разбілі сад на сто гектараў. Праз шэсць гадоў засталося толькі 15. Ды і тыя назваць садам складана.

Сёлета тут з кожнага гектара сабралі каля тоны яблыкаў. Хоць па праграме павінны былі 10-15. Лічба гэтая, вядома, загранічная, улічваючы хоць бы той факт, што сад закладвалі ў снежні. І гэта не адзіная такая гаспадарка. Некаторыя аграрыі разбівалі сады на пяску, на меліяраваных землях. А гэта ўсё бюджэтныя грошы.

У СВК Радзіма выдаткаваныя 600 мільёнаў не закапалі ў зямлю. Разбілі яблыневы і грушавы сады. Сёння атрымліваюць з гектара каля 10 тон карыснага прадукту. На крэдытныя грошы пабудавалі фруктасховішча. І зараз яны могуць забяспечваць гандлёвую сетку вітамінамі да чэрвеня.

Пра невыкананне праграмы развіцця пладаводства красамоўна гаворыць асартымент на прылаўках. Дэфіцыту садавіны няма, але беларускі яблык часам трэба пашукаць. Хоць відавочна, што на добрых фруктовых ураджаях СВК могуць і павінны зарабляць. А тымі, хто закапаў гэтыя грошы ў зямлю, будуць займацца ўжо праваахоўнікі.