Менш за год таму на Мядзельшчыне пачаў працаваць бізнес-інкубатар

26 мая 2018

У Год малой радзімы - асноўны акцэнт на развіццё мясцовых ініцыятыў. Менавіта яны, з аднаго боку, павінны сфарміраваць новыя працоўныя месцы, з другога - зрабіць жыццё ў правінцыі гэткім жа камфортным, як і ў горадзе. Гэты пасыл не раз гучаў з вуснаў Кіраўніка дзяржавы. Тое, што бізнесу на сяле быць, ужо сёння цалкам відавочна ў вёсцы Камарова. Сёння там прайшла сапраўды знакавая падзея зусім не раённага маштабу, хоць бы толькі таму, што паказвае ўсё. Менш за год таму на Мядзельшчыне пачаў працаваць бізнес-інкубатар, дзе ўсе ахвочыя могуць пачаць сваю справу: прайсці навучанне, атрымаць кансультацыю спецыялістаў і нават пазмагацца за стартавы капітал. Асноўная мэта - прыцягнуць у вёскі моладзь і развіваць мясцовыя ініцыятывы. Маленькія, але значныя поспехі навучальна-практычнай установы прадстаўнікі ўлады, дзяржаўных органаў і арганізацый адзначылі традыцыйнай працоўнай акцыяй. Усе падрабязнасці - у рэпартажы Вікторыі Антоненкавай.

Усё пачынаецца з ідэі. 26 гадоў таму вучаніца старэйшых класаў Вераніка ўзяла ў рукі вось гэтую кнігу. Пачала вышываць, рабіла адзенне для сябе і знаёмых, заказаў станавілася ўсё больш, а вось зрабіць з хобі працу не атрымлівалася. Школа сельскага бізнесу ў Камарове дапамагла зразумець асновы вядзення сваёй справы, пазнаёміла з сусветнымі маркетынгавымі тэндэнцыямі, падарыла шмат новых знаёмстваў, а таксама дала стартавы капітал. Гранд Еўрасаюза дапамог у закупе дарагога абсталявання і дазволіў сертыфікаваць прадукцыю. Зараз ідзе праца над уласным брэндам і сайтам.

Навучанне ў школе сельскага бізнесу ўжо прайшлі 60 чалавек - гэта прадпрымальнікі-пачаткоўцы з Мядзельскага, Смаргонскага, Пастаўскага і Астравецкага раёнаў. У групах па 14-15 чалавек, заняткі праходзяць некалькі месяцаў па выхадных днях. У канцы навучання распрацоўваюцца ўласныя бізнес-планы. Самыя перспектыўныя ідэі атрымліваюць фінансавую дапамогу ад 2 да 10 тысяч еўра. На папярэдніх 4-х этапах ужо падтрыманыя 20 праектаў. Яны і паслужаць прыкладам для тых, хто сумняваецца.

Акрамя станоўчага прыкладу перспектыўных праектаў, прадстаўнікі бізнес-супольнасцяў і чыноўнікі паказалі асабісты прыклад падтрымання сваёй малой радзімы не толькі ў добрым эканамічным, але і вонкавым стане. Падчас суботніка на тэрыторыі сядзібна-паркавага комплексу спілоўвалі старыя дрэвы, скошвалі і прыбіралі газоны, саджалі кветкі, а таксама абмяркоўвалі, як прыцягнуць у сельскую мясцовасць моладзь.