МАРГ прапаноўвае павялічыць асартымент беларускіх яблыкаў

3 октября 2018

Беларускіх гатункаў яблыкаў на прылаўках стане больш. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю прапаноўвае павялічыць у сезон нормы абавязковай наяўнасці гатункаў у гандлёвай сетцы ўдвая. Зараз адпаведная пастанова адпраўленая на ўзгадненне ўсім дзяржорганам. Журналісты АТН неаднаразова паднімалі тэму аб складанасцях, з якімі сутыкаюцца беларускія аграрыі падчас рэалізацыі садавіны праз гандлёвыя сеткі. А сёння сітуацыю разбіралі за круглым сталом вытворцы і рэтэйлеры. Аргументы ва ўсіх свае. Іх выслухала наш карэспандэнт Святлана Лук'янюк.

Гэта не першая сустрэча ў сценах міністэрства. Збіраліся ў канцы жніўня. Сёння зноў за сталом фермеры, прадстаўнікі дзяржорганаў, на канферэнц-сувязі - усе рэгіёны. Абмяркоўваюць яблыкі. Іх добры ўраджай, рост прыкладна на чвэрць стаў і галаўным болем. Як прадаць. Фермеры наракаюць: гандаль неахвотна бярэ, сеткі адказваюць - якасць кульгае, псуюцца проста на вачах. Праўда, як заўсёды, дзесьці пасярэдзіне. У гэтым мы ўпэўніліся, пагаварыўшы з кожным з бакоў.

Фермеры прыехалі са сваёй прадукцыяй - паказаць тавар. І ён уражвае. Некаторыя скажуць - выставачны варыянт. Вытворцы запэўніваюць: у іх садах увесь такі. Але вось у магазіне яго не заўсёды сустрэнеш. Такі яблык - будзь-то зялёны або чырвоны - сеткі забралі б на ўра. Да таго ж, пра аб'ёмы ўнутраных продажаў варта задумвацца, яшчэ калі яблыні цвітуць. І заключаць пагадненні на год.

Між тым, імпартных яблыкаў на паліцах магазінаў сёлета значна менш. Так што, сваё прадаецца. Як запэўнівае Мінсельгасхарч, закупленая толькі трэць ад аб'ёму мінулага года. Экспарт жа застаецца прыкладна на тым жа ўзроўні. Гэта пацвярджае і маніторынг МАРГ. Калі ў жніўні парушалі асартыментны пералік, а гэта ад 1 да 3 гатункаў беларускага яблыка, амаль палова магазінаў, то ў верасні толькі 7%.

У беларускіх фермераў аргументы - гандлёвыя сеткі захоўваюць няправільна, таму на паліцах беларускі яблык жаласнага выгляду. Ды і трапіць у магазін справа не з лёгкіх. Там пераважаюць імпартныя плады. Гэта прытым, што ў саміх ураджай небывалы.

Але сёння вялікіх імкненняў прывезці ў гандаль такую прыгажосць за круглым сталом не ўбачылі. Рэгулятар, рассылаючы запрашэнні, прапанаваў захапіць з сабою і дамовы, каб падпісаць адразу пасля абмеркавання. Ніводны на такі крок не пайшоў. Погляды шматлікіх накіраваныя на Расію. І галоўнае тут - адпускны кошт вышэйшы.

Зараз працы сапраўды дадасца і на ўнутраным рынку. Ужо пасля дыскусіі і ўзаемных прэтэнзій МАРГ прапаноўвае змяніць абавязковы асартыментны пералік. Падрыхтаваны праект пастановы. Абяцаюць падпісаць да канца тыдня.

Але тут і сельгасвытворцам трэба будзе паварушыцца і ацаніць свае аб'ёмы вытворчасці. Ці змогуць яны забяспечыць бесперабойную пастаўку за сезон да 6 гатункаў яблыкаў. І галоўнае, якасных, такіх, з якімі прыехалі на пасяджэнне. А вось выстаўляць бар'еры ў выглядзе павышаных пошлін для ўвозу імпарту рэгулятар не будзе. Бо ў пакупніка заўсёды павінен быць выбар.