МАРГ вызначыць адзіныя патрабаванні да ўсіх дыскаўнтараў, што працуюць на беларускім рынку

16 марта 2020
Сёння ў Беларусі ў вялікіх і малых гарадах працуе каля 4 тысяч 800 рознічных гандлёвых сетак. Тых, у якіх  два і больш аб'ектаў для продажаў.

У фармаце "дыскаўнтар" працуюць больш як 860 магазінаў. За мінулы год рост амаль на сотню. Гэта больш  за 230 тысяч квадратных метраў гандлёвых плошчаў. І там прадаюцца ў асноўным прадукты харчавання. Для пакупнікоў важныя  даступнасць цаны і якасць тавару.

МАРГ: даступная цана, якасць і доля беларускага не менш чым 80 %

У гэтай сувязі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю праводзіць маніторынг рынку па захаванні асартыменту, каб у нас быў выбар, а таксама па кошце тавару і памеры гандлёвай надбаўкі, каб дыскаўнтар сапраўды быў тэрыторыяй нізкіх цэн. Сёння гэтыя пытанні абмяркоўваліся з прадстаўнікамі рознічных сетак. Асаблівая ўвага долі беларускай прадукцыі на паліцах магазінаў. Пакуль яе дыскаўнтары не вытрымліваюць, гэта пры тым, што прапанаванняў ад нашых вытворцаў шмат. А патрабаванні адзіныя для ўсіх: айчынных прадуктаў павінна быць не менш чым 80 %. Гэта пытанне харчовай бяспекі. 

МАРГ вызначыць адзіныя крытэрыі для працы "жорсткіх" дыскаўнтараў

Па выніках расследавання рэгулятар вызначыць адзіныя патрабаванні да ўсіх дыскаўнтараў, якія працуюць на беларускім рынку. Пры гэтым усяму гандлю рэкамендавана прытрымлівацца рэкамендацый МАРГ:  гэта мінімальныя надбаўкі на сацыяльна значныя тавары, забарона бонусаў для трапляння на паліцу і адзіныя падыходы пры цэнаўтварэнні на ўнутраным і знешніх рынках.