Лукашэнка: Нам жыццёва неабходна падняць нашу сельскую гаспадарку на новы ўзровень

22 сентября 2023

З сітуацыяй у жывёлагадоўлі больш мірыцца нельга. Павышаць адказнасць за вынікі, узмацняць дысцыпліну - вось шляхі вырашэння праблем.

Сёння Прэзідэнт акрэсліў перспектывы галіны на рэспубліканскім семінары-нарадзе. Прайшла яна ў Салігорску пры ўдзеле мясцовай вертыкалі краіны, кіраўнікоў буйных сельгаспрадпрыемстваў. Задача вялікай размовы - падвесці вынікі працы, разабраць памылкі і знайсці вырашэнне праблем. Тым больш іх нямала. Жывёлагадоўля адыгрывае ключавую ролю ў эканоміцы сяла. Яе поспехі бясспрэчныя: высокія паказчыкі самазабяспечанасці прадукцыяй, рэкордны экспарт харчавання. Але Прэзідэнт перакананы, што можам куды больш.

У мадэрнізацыю галіны ўкладзены каласальныя інвестыцыі. Яна будзе прадоўжана. У найбліжэйшыя гады ў кожнай вобласці павінна быць пабудавана або рэканструявана па 10 малочна-таварных комплексаў. Прэзідэнт скіроўвае ўсіх: трэба рухацца да поўнага пераходу ад ферм да такіх сучасных комплексаў. Старшыні райвыканкамаў будуць замацаваныя за новымі праектамі. Пры гэтым мала пабудаваць, звяртае ўвагу Аляксандр Лукашэнка, ні адзін аб'ект не павінен пуставаць.

Прэзідэнт: Да канца года трэба ўкамплектаваць фермы і забяспечыць прырост малочнага статка

А без павелічэння пагалоўя немагчыма павысіць тэмпы вытворчасці малака і мяса. Перапрацоўчыя магутнасці ў краіне ёсць. І яны недазагружаныя. Іх загрузка па мясе і каўбасе летась складала толькі каля 70 %. Па малаку і таго менш - толькі 60. А гэта недаатрыманыя мільярды рублёў выручкі, у тым ліку экспартнай. Прэзідэнт упэўнены, што гэта адзін з сур'ёзных рэзерваў беларускага сяла. Кантроль у гэтай сферы (і сельскай гаспадарцы ў цэлым) будзе ўзмоцнены. І праваахоўнікі, і Генпракуратура, і дзяржкантроль скіраваны на навядзенне парадку. Сёння гэта пытанне не толькі харчовай бяспекі.

Прэзідэнт: Я не патрабую космасу ў сельскай гаспадарцы, але нам трэба захаваць краіну

Таксама Прэзідэнт заклікаў вырашаць кадравую праблему галіны, назваўшы яе сістэмаўтваральнай. Кожнай гаспадарцы варта прадумаць сістэму замацавання кадраў, прывабліваць моладзь. Бонусаў можа быць шмат - ад жылля да ўзорных умоў працы. Гэта гарант паспяховай вытворчасці, у выніку - эфектыўнай эканомікі сяла.