У Мінску з размахам стартаваў Беларускі прамысловы форум

3 мая 2016

Лейтматывам V Усебеларускага народнага сходу стануць пытанні развіцця эканомікі.

Пра гэта сёння заявіў намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка, адкрываючы ў сталіцы Беларускі прамысловы форум.

Сёння прамысловы комплекс краіны ўключае больш за 100 галін, а на долю ВУП прыпадае каля 30 %. Усе буйныя прадпрыемствы рэспублікі абаранілі перспектыўныя планы развіцця да 2025 года. Сярод асноўных задач галіны - інавацыйнае і інвестыцыйнае развіццё, будаўніцтва і абнаўленне тых фондаў, якія ёсць, а таксама з'яўленне новых прадпрыемстваў.

Уладзімір Сямашка, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі:

"Аснова асноў - гэта эканоміка. Будзе развівацца эканоміка, будуць людзі мець высокааплатную працу, нармальныя перспектывы, упэўненасць у будучыні, тады будзе ўсё нармальна і ў дзяржаве. Я думаю, што гэта будзе лейтматывам V Усебеларускага сходу".

Праца прамысловага форуму прадоўжыцца да пятніцы. У найбуйнейшым выставачным праекце ўдзельнічаюць больш за 200 кампаній з Беларусі і краін СНД. Сярод распрацовак найноўшыя тэхналогіі і матэрыялы, прамысловае абсталяванне, прыборы і інструменты. Насычанай абяцае быць і дзелавая праграма. Чакаецца, што падчас форуму падпішуць не менш за 30 доўгатэрміновых пагадненняў.