Найбуйнейшы ў Беларусі парк захоўвання нафты перажывае другое нараджэнне

3 сентября 2018

Курс мадэрнізацыі - на сусветныя стандарты экалагічнай бяспекі. Сёлета на абнаўленне магістральнага нафтаправода і сховішчаў прадпрыемства "Гомельтранснафта Дружба" накіруюць дзясяткі мільёнаў рублёў. Падрабязнасці ў Ганны Кавалёвай.

У гэтым пакоі б'ецца пульс усёй лінейнай вытворча-дыспетчарскай станцыі "Мазыр". У рэжыме анлайн тут кантралююць прыток і адток нафты. Гэтае прадпрыемства, як чыгуначная станцыя для чорнага золата, што падарожнічае па падземных трубах на тысячы кіламетраў. Праязны білет - гэта якасць, яе правяраюць у спецыяльнай лабараторыі. Усе працэсы кругласутачныя, бо паток нафты не спыняецца ні на хвіліну.

Тут беларускія нафтавыя патокі аб'ядноўваюцца з расійскімі. Далей чорны кактэйль цячэ на захад - у Польшчу, Германію і на поўдзень - ва Украіну, Венгрыю, Славакію і Чэхію.

У Беларусі нафтаправод праходзіць па тэрыторыі 16 раёнаў у дзвюх абласцях. Перасякае каля 10 буйных водных перашкод - там нафтавыя артэрыі пралягаюць прама пад рэкамі. Шлях трымаюць і праз Нацыянальны парк "Прыпяцкі", і па сельскагаспадарчых угоддзях амаль 100 землекарыстальнікаў. Такі маршрут дыктуе строгае выкананне нормаў экалагічнай бяспекі.

Рычаг маштабнай рэканструкцыі прывялі ў дзеянне літаральна месяц таму. Абнаўляць будуць і нафтаправод, і рэзервуары для захоўвання нафты. У адным такім бункеры 20 кубічных метраў вуглевадароднай сыравіны. Рэканструкцыя закране 9 ёмістасцяў. Частка нафтасховішчаў пойдзе пад знос. На іх месцы ўзвядуць новыя. Пляцоўку пад першае ўжо рыхтуюць.

Такія буйныя нафтатранспартныя вузлы - аб'екты павышанай узрыванебяспечнасці, таму планавае абнаўленне - пытанне пад нумарам адзін. Мадэрнізацыя павысіць не толькі пажарную і прамысловую бяспеку, але і экалагічную: выкіды ў атмасферу звядуць да мінімуму. Акрамя таго, ёмістасці для захоўвання менавіта беларускай нафты стануць значна большымі, а гэта гарантыя энергетычнай бяспекі ўсёй краіны.