Кітай адкрыў свой рынак для беларускай птушкі

25 апреля 2018

Права першых паставак, якія могуць стартаваць ужо ў сярэдзіне мая, атрымалі пяць прадпрыемстваў. Пра гэта нашаму тэлеканалу распавялі ў Мінсельгасхарчы. Такое рашэнне бакі прынялі па выніках інспекцыі і фінальнага візіту дэлегацыі Кітая на мінулым тыдні. Сёння экспартны патэнцыял па мясе птушкі ў Беларусі каля 150 тысяч тон за год. Частка гэтай прадукцыі пойдзе ў Паднябесную. Зараз прадпрыемствы Мінсельгасхарча пастаўляюць у Кітай малочную прадукцыю, ялавічыну і лён. Па выніках мінулага года Беларусь паставіла на рынак партнёра сельгаспрадукцыі на 15 мільёнаў долараў. На гэты год ужо падпісаны кантракты на 100 мільёнаў долараў.

Таксама ў Мінсельгасхарчы паведамілі, што напярэдадні па відэасувязі адбыліся чарговыя перамовы па пастаўках малочнай прадукцыі ў Расію. Пазіцыя нашай краіны - захаваць аб'ёмы мінулага года, па кожнай таварнай пазіцыі спрабуюць дамовіцца асобна. Размова прадоўжыцца ў гэтую пятніцу. А візіт расійскага боку ў Мінск для вырашэння набалелых гандлёвых пытанняў адбудзецца пасля 9 мая. Адкласці перамовы папрасіла афіцыйная Масква.