Які працэнт ІП спыніць працу

6 января 2016

Сёння за круглым сталом у Міністэрстве гандлю сабраліся прадстаўнікі дзяржаўных органаў. Галоўнай тэмай абмеркавання стала праца індывідуальных прадпрымальнікаў у новым годзе. Як было адзначана, шматлікія бізнесмены яшчэ на навагодніх і калядных канікулах, таму пакуль складана меркаваць пра агульную карціну з пункта погляду статыстыкі, а менавіта, які працэнт ІП, магчыма, спыніць працу. Афіцыйна пра гэта на пачатак года заявілі толькі 5 з паловай працэнтаў індывідуальных прадпрымальнікаў. У цэлым калапсу ў рознічным гандлі Беларусі на сёння няма. Патрэбнасці ў таварах лёгпрама цалкам задавальняюцца, у Мінгандаль пакуль не паступала ні адной скаргі.

Віялета Бразоўская, начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і паслуг Міністэрства гандлю Беларусі: "Мы канстатуем сёння, што не ажыццяўляюць альбо прыпынілі сваю дзейнасць каля 50 працэнтаў прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць гандаль на рынках. Гэта звязана з адпачынкамі, са святочнымі мерапрыемствамі, з нізкай тэмпературай. І ў найбліжэйшы час яны вернуцца на свае гандлёвыя месцы. Плюс да ўсяго створана і дзейнічае даволі шырокая інфраструктура гандлю: магазіны, гандлёвыя цэнтры, сеткі, дзе ў звычайным рэжыме прадпрымальнікі, юрыдычныя асобы ажыццяўляюць гандаль шырокім асартыментам харчовых і нехарчовых тавараў".

З гэтага года ў краіне для ІП забаронены гандаль таварамі лёгпрама без суправаджальных дакументаў і сертыфікатаў якасці. Прадпрымальнікі былі папярэджаны пра змяненні ўмоў працы загадзя, дзяржава давала ім адтэрміноўкі і пераходныя перыяды. Апошні раз гэта было зроблена ў сакавіку мінулага года.