Вынікі працы беларускай эканомікі ў 2023 годзе і старт 2024-га абмеркавалі ў Саўміне

21 февраля 2024

Прэзідэнт Беларусі пастаянна падкрэслівае: якія б намаганні па падрыве нашага суверэнітэту не прыкладваліся з боку калектыўнага Захаду, яны дарэмныя, калі стабільна будзе працаваць наша эканоміка. Найважнейшыя задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця, пастаўленыя Прэзідэнтам, ураду ўдалося вырашыць. Вынікі работы эканомікі ў 2023 годзе і старт 2024-га 21 лютага абмяркоўвалі ў Саўміне.

Адно з ключавых пытанняў - рост дабрабыту людзей. Рэальныя даходы (зарплаты, пенсіі і дапамогі) выраслі амаль на 6,5 %, гэта перавышае прагноз. Рэальная зарплата плюс 11 %, а намінальная амаль 17 %. Гадавы памер - больш як 1,9 тыс. рублёў.

Пры гэтым падтрымалі і бюджэтнікаў. Дадатковыя выплаты (а гэта звыш мільярда рублёў) атрымалі настаўнікі, урачы, выхавальнікі, работнікі сацыяльнай сферы. У рэальным сектары эканомікі падцягнулі зарплаты, якія адставалі. У выніку больш як 85 % арганізацый выйшлі на сярэднегаліновы ўзровень. Пры гэтым даходы не "з'елі" цэны. Інфляцыя вырасла менш чым на 6 %. І гэта таксама ніжэй за прагноз. Драйверамі ж росту летась былі прамысловасць і гандаль.

Пра галоўныя лічбы і тэндэнцыі расказала Святлана Лук’янюк.

Напрыканцы лютага самы час падлічыць, колькі зарабілі ўнутры краіны і колькі на экспарце - за межамі. Звесткі пра міжнародные пастаўкі, усе аб'ёмы і грошы з'яўляюцца акурат у сярэдзіне першага квартала новага года. Менавіта база 2023 года - гэта і старт, і развіццё 2024-га. Вялікая нарада ва ўрадзе якраз для таго, каб дэталёва разабрацца, чаго не хапіла, і галоўнае - у чым прычына.

Так, адзін з галоўных паказчыкаў выкананы. У заработнай плаце рост большы, чым планавалі, пры гэтым і нізкая інфляцыя - менш за 6 %. Дарэчы, гэта самы нізкі паказчык сярод краін Еўразійскага саюза.

Прэм'ер адзначыў, што нягледзячы на ўсе выклікі, беларуская эканоміка ў 2023 годзе паказала сваю ўстойлівасць. Пацвярджаюць гэта і лічбы. Валавы ўнутраны прадукт вырас на 3,9 %. Рэкордныя тэмпы ў прамысловасці - каля 8 %. Але пытанні ўсё ж такі ёсць.

Раман Галоўчанка, прэм'ер-міністр Беларусі:

Урадам перад кіраўнікамі дзяржорганаў былі пастаўлены дакладныя мэтавыя задачы па аб'ёмах прамвытворчасці, экспарце гатовай прадукцыі. Акрамя таго, асобныя кіраўнікі падчас разглядаў вынікаў працы па кварталах запэўнівалі ў дасягненні гэтых задач. Але запланаваных вынікаў дасягнулі не ўсе, і гэта ляжа ў ацэнку работы кадраў.

Вялікія аб'ёмы вытворчасці патрэбныя і нашым пакупнікам. Попыт на беларускія тавары не знізіўся, у выніку сальда знешняга гандлю станоўчае - 481 млн долараў. Так, яно крыху знізілася ў параўнанні з 2022 годам, але на тое былі і аб'ектыўныя прычыны.

"Дзве з іх ключавыя - гэта падзенне экспартных цэн больш чым на 15 % па шырокай наменклатуры тавараў і рост інвестыцыйнага імпарту ў 1,6 раза з улікам рэалізацыі значнай колькасці інвестыцыйных праектаў", - адзначыў Раман Галоўчанка.

1,6 млрд інвестыцый пайшлі на эканамічныя праекты ў краіне, з іх 75 % сродкаў - у рэальны сектар. Так, шмат новых прадпрыемстваў стартавала ў рэгіёнах па праграме "Адзін раён - адзін праект", але ж гадавы план па прыцягненні інвестыцый не дасягнуты. Планавалі плюс 22 %, узялі планку ў 15 %.

Юрый Чабатар, міністр эканомікі Беларусі:

Трэба глядзець на пытанні, якія сапраўды стрымлівалі пры выкананні гэтага паказчыку. Рынак жылля, жыллёвае будаўніцтва крыху не дацягнулі да планкі 4,3 млн кв. м. Гэта недавыкананне, і мы паставілі задачу на сёлета забяспечыць будаўніцтва 4,4 млн кв. м.

Першыя вынікі зробленай работы над памылкамі будуць ужо бачныя па выніках першага квартала. Увогуле, старт 2024 года ва ўрадзе ацэньваюць станоўча. Валавы ўнутраны прадукт прыбавіў амаль на 3 %, у драйверах развіцця прамысловасць, дзе плюс 5,5 %, у сельскай гаспадарцы каля 4,5 % і ў інвестыцыях амаль 3,5 %.