Індывідуальныя бізнесмены ў Беларусі змогуць наймаць не толькі сваякоў

27 мая 2014
Беларускім ІП дазволілі браць трох наёмных працаўнікоў, незалежна ад роднасных сувязяў. Такая норма ўтрымліваецца ў падпісаным указе Прэзідэнта. Гэта паслабленне дапаможа кампенсаваць патрабаванне да ІП аб наяўнасці дакументаў на тавары, якое ўступае ў сілу з 1 ліпеня. Гэта становіцца абавязковай нормай у Мытным саюзе Беларусі, Расіі і Казахстана.

У дакументальных нюансах разбіраўся Дзмітрый Цітоў.

Усе тавары, якія будуць увозіцца прадпрымальнікам пасля 1 ліпеня, трэба сертыфікаваць. Усё, што закуплялася раней гэтай даты, можна рэалізаваць без адпаведных дакументаў да 1 сакавіка 2015 года.

Міхаіл Расолька, начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Беларусі: Пры гэтым яны змогуць рэалізоўваць такія тавары як на гандлёвых месцах, у якіх яны ў цяперашні час здзяйсняюць рэалізацыю, так і шляхам ажыццяўлення оптавага гандлю і продажу гэтых тавараў індывідуальным прадпрымальнікам альбо арганізацыям, але ўжо з выплатай альбо падаходнага падатку альбо падатку па спрошчанай сістэме падаткаабкладання.


На тавары, зробленыя сваімі рукамі, дакументы не патрэбныя. Фізічныя асобы змогуць прадаваць жывапіс, скульптуры, прадметы народных промыслаў. Тавары, якія былі ва ўжыванні. А таксама ўраджай з уласных дачных участкаў.


Віктар Маргелаў, сустаршыня Мінскага саюза прадпрымальнікаў: З рынку, думаю, паступова будзе сыходзіць тавар, які першым чынам нізкаякасны, але ён жа і самы танны. Таму гэтых тавараў будзе ўсё менш. З пункта погляду прадпрымальнікаў. Гэта ў іх павелічэнне сабекошту.


Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія будуць мець дакументы на ўсе тавары, што рэалізуюцца, у адпаведнасці з указам, будуць мае права перайсці на спрошчаную сістэму падаткаабкладання альбо з 1 ліпеня, альбо з 1 кастрычніка 2014 года.


Міхаіл Расолька, начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Беларусі: Гэта першасныя ўліковыя дакументы, гэта накладная, але і дакументам таксама будзе з'яўляцца дакумент аб аплаце тавара. Альбо касавы чэк, альбо іншыя дакументы, якія пацвярджаюць аплату тавара.


Каб памякчыць пераход ІП на легальны гандаль, дазволілі прыцягваць да прадпрымальніцкай дзейнасці не больш за 3 наёмныя асобы, незалежна ад роднасных сувязяў.


Па колькасці гандлёвых пунктаў зараз таксама няма ніякіх абмежаванняў. Што дае магчымасць прадпрымальніку пашырацца, і адкрывае перспектывы для розных відаў бізнесу.