Энергазахаванне застаецца адным з прыярытэтаў краіны

8 ноября 2014

Да 2016-га года ў Беларусі доля мясцовых відаў паліўных рэсурсаў і аднаўляльных крыніц энергіі, якія выкарыстоўваюць кацельні, складзе 30%. Энергазахаванне застаецца адным з прыярытэтаў краіны. Так, толькі сталіца сёлета сэканоміць больш як 300 тысяч тон умоўнага паліва. Актыўная ў гэтым плане і Мінская вобласць. Тут будуюць адразу некалькі новых аб'ектаў энергетыкі, дзе не спатрэбіцца імпартнае паліва. У чым перавагі выкарыстання фрэзернага торфу? Аляксей Кандраценка перавёў мегаваты ў рублі.



Катлы пакуль не бурляць, пары з трубы не прыкметна! За фасадам гэтай новабудоўлі ў аграгарадку Вежы цэлы дзень ідзе наладка абсталявання. Хутка тут пачне працаваць новая кацельня. Па выглядзе кожнага агрэгата і механізму чытаецца: высокатэхналагічны аб'ект не пакідае шанцаў канкурэнтам.


Старая кацельня на мазуце, гавораць спецыялісты, гэта ўчарашні і дарагі дзень. А вось такую кацельню на фрэзерным торфе ўжо з упэўненасцю завуць сённяшнім і эканомным днём. Новы аб'ект энергетыкі - першая ў Беларусі кацельня на фрэзерным торфе. Недарагое, але эфектыўнае паліва, на якое багаты Слуцкі раён, літаральна ляжыць пад нагамі.


Кацельня - распрацоўка беларускіх спецыялістаў. Максімальна аўтаматызаваны энергааб'ект забяспечыць цеплавой энергіяй і гарачай вадой пасёлак да тысячы чалавек. Разлікі паказваюць: гадавая эканомія за кошт пераходу з мазуту на торф - больш як 8 мільярдаў рублёў для асобна ўзятага населенага пункта.


Аляксандр Краўчанка, дырэктар праектна-канструктарскага прадпрыемства: На дадзеным аб'екце ўсімі працэсамі кіруе камп'ютар. І аператар патрэбен толькі для таго, каб кантраляваць усе параметры і абменьвацца інфармацыяй з дыспетчарскім цэнтрам.



Сёння Беларусь на 4-м месцы ў свеце па запасах торфу. Такія тэхналогіі дазволяць рацыянальна выкарыстоўваючы тое, чым мы багатыя, шмат у чым адмовіцца ад імпарту. Свой уклад таксама ўносяць энергакрыніцы на дрэўным паліве, біягазавыя комплексы, ветраэнергетычныя ўсталёўкі.


Сяргей Сямашка, начальнік аддзела энергетыкі і паліва Мінаблвыканкама: У Мінскай вобласці падпісана пагадненне з Сусветным банкам на 23 мільёны долараў. Ужо пачатыя працы па далейшым будаўніцтве буйных энергакрыніц на мясцовых відах паліва. Гэта ў Старых Дарогах, Чэрвені і Крупскім раёне.


Наладка абсталявання кацельні на фрэзерным торфе ў Слуцкім раёне заканчваецца. Першая пара з трубы апавесціць пасёлак Вежы аб пачатку новай энергаэфектыўнай эпохі ўжо да канца месяца.