Дызайнерскія дрэвы

4 марта 2014
Спецыяльна скрыўленая ліпа, рабіна, на вяршку якой замест галінак кусты, і туя з трыма пухнатымі шарамі. Незвычайны дызайн, які з хобі ператварыўся ў маркетынгавы ход, стварылі ў Смаргонскім лясгасе. Зараз тут разам з традыцыйнымі высадкамі рыхтуюць і такія ўнікальныя экзэмпляры. Адзін нюанс - чакаць эксклюзіўнае дрэўца для свайго сада прыйдзецца пару гадоў.

Рэпартаж Дзмітрыя Смірнова.

Такая туя з новым творчым рашэннем не адзінае дрэва ў гэтым лесагадавальніку. Майстар Ганна ашчадна правіць тое, што стварыла прырода.

Гэта толькі зараз эксклюзіўная туя выглядае проста - незвычайнай і голай. Па-першае, зіма, па-другое, для таго, каб у дрэва з'явіўся таварны выгляд, яно павінна вырасці і абзавесціся зелянінай.

У лясной гаспадарцы амаль усе бізнес-рашэнні - гэта шматгадовае планаванне і прыбытак на перспектыву. Інакш не атрымліваецца. Не так проста прыроду ўгаварыць ростам каціровак акцый і хітрым маркетынгам.

Тут, у Смаргоньскім лясгасе, ёсць і свая маленькая Карэлія. Вось гэтыя бярозы свайго роду - доўгатэрміновая перспектыва і інвестыцыі. Толькі праз 10 гадоў іх пачнуць рыхтаваць да продажу.

У міжнародным гандлі карэльскую бярозу прадаюць не кубаметрамі, як звычайную драўніну, а кілаграмамі або нават метрамі. Кошт за гэты ідэальны матэрыял для дэкору часам даходзіць да 5 мільёнаў рублёў за квадратны метр.

Акрамя ўнікальных бяроз і загнутых у форме сэрца ліп, у Смаргонскім лясгасе змаглі своечасова зарыентавацца і ў экспарце драўніны. Павялічыўшы прыбытак.

Паводле фінансавых вынікаў лесагадавальніка, у 2013 годзе тут толькі на продажы дэкаратыўных высадкаў зарабілі больш за паўмільярда рублёў. Верагодна, што ў найбліжэйшыя гады да стандартных дрэў у прайсліст дабавяць і дызайнерскія рашэнні Ганны. Попыт на іх ужо ўпэўнена расце.