Cцэнарый развіцця Беларусі на 2015 год прадставілі сёння ва ўрадзе

22 ноября 2014

Умерана песімістычны сцэнарый развіцця Беларусі на 2015 год прадставілі сёння ва ўрадзе. Удакладніць прагноз і распрацаваць дэталёвую палітыку контрмер 11 лістапада даручыў Прэзідэнт. Новыя выклікі - гэта падзенне цэн на нафту, паслабленне расійскага рубля і занадта павольнае аднаўленне экспартных рынкаў. Усё гэта ўлічана ў прагнозе. Ці апярэдзяць зарплаты рост цэн, як дапамогуць валютаносным экспарцёрам, якія рэзервы ёсць у айчыннай эканоміцы - даведаўся Андрэй Крывашэеў.



Ва ўрадзе не ўтойваюць - будучы год будзе складаным для рэальнай эканомікі і фінансавага сектара. Зрэшты, сцэнарый, удакладнены па даручэнні Прэзідэнта, тут называюць умерана песімістычным. Песімізм тычыцца цаны на нафту - 83 долары,кошту расійскага рубля і дэпрэсіі на еўразійскіх рынках. Адгэтуль умеранасць як беларуская стратэгія жыць па сродках. Стрыманыя знешнія запазычанні і падтрымка экспарцёраў, невялікі рост рэальных зарплат крыху хутчэйшы за інфляцыю і жорсткая барацьба з ростам цэн - антыманапольнымі і фінансавымі рычагамі. Г.з. 2015-ы ацэньваецца без драмы, але складаным і напружаным годам развіцця.



Карэкцыя прагнозу - не прыхамаць урада, а жорсткае патрабаванне жыцця і Прэзідэнта. У папярэднім фігуравала 100 долараў за барэль нафты, рост экспартных рынкаў і моцны расійскі рубель. Плюс не былі ўлічаны даручэнні Кіраўніка дзяржавы па зніжэнні крэдытных ставак, персанальнай адказнасці за праграмы развіцця і новыя механізмы барацьбы з інфляцыяй. На будучы год яна не павінна перавысіць 12%, бо на фоне падзення сусветных цэн іх рост у Беларусі нават прэм'ер інакш як змовай і манапалізмам не называе.


Ключавыя паказчыкі эканомікі: рост ВУП крыху меншы за працэнт, рэальных даходаў - на паўтара і прамысловасці да двух, цалкам рэальныя. Для гэтага ўрад задзейнічае экспарт (асноўным пастаўшчыкам спросцяць выдачу крэдытаў і кампенсуюць высокія стаўкі) і дысцыпліну вытворчасці. Складскія запасы і дэбіторская запазычанасць за ўжо пастаўленыя, але неаплачаныя тавары - гэта рэзерв Беларусі агульным аб'ёмам 8 мільярдаў долараў. Г.з. у 3 разы больш за тое, што краіна плануе заняць у будучым годзе на знешніх рынках. Пры гэтым 16-ы год у плане дысцыпліны будзе яшчэ больш строгім. Уся падтрымка будзе ісці не з бюджэту, а праз Банк развіцця і толькі на конкурснай аснове.


У цэлым сцэнарый 15-га года - асцярожны. Ён пралічаны, зыходзячы з рэалій, і можа быць больш паспяховым. Напрыклад, умацаванне расійскай валюты ўсяго на 1 рубель дадаткова дае беларускім экспарцёрам да 300 мільёнаў долараў. Такія фактары як нафтавыя цэны і разважлівасць у пытанні санкцый і гандлёвых бар'ераў і зусім вылічваюцца мільярдамі.