Бізнесу прапаноўваюць паўдзельнічаць у распрацоўцы нарматыўнай базы Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы

21 марта 2013
Еўразійская эканамічная камісія гатова прыслухацца да меркавання бізнес-саюзаў Беларусі, Расіі і Казахстана пры фарміраванні нарматыўнай базы Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. Для выпрацоўкі гэтых рэкамендацый створаны спецыяльны орган. Яго першае пасяджэнне прайшло сёння ў Маскве. Адкрываючы пасяджэнне Кансультатыўнага савета па ўзаемадзеянні Еўразійскай эканамічнай камісіі з бізнес-саюзамі, кіраўнік АЭК Віктар Хрысценка гаварыў аб Савеце як аб пляцоўцы ўзаемаразумення бізнесу і дзяржструктур. Стварэнне адзіных умоў канкурэнцыі, агульнага антыманапольнага органа - галоўныя мэты.
Еўразійская камісія жадае, каб бізнес не толькі быў у курсе яе работы, але і ўдзельнічаў у выпрацоўцы рашэнняў, якія лягуць у аснову Адзінай эканамічнай прасторы. Што характэрна, бізнесмены гаварылі пра тое ж. З заяўленымі прыярытэтамі дзелавыя колы згодныя. Але ўдакладненне пазіцый, лічаць, неабходна. Тыя ж правілы і прынцыпы справядлівай канкурэнцыі пакуль не сталі нормай у Мытным саюзе.
У цэлым на гэты савет ускладаюць некаторыя надзеі. Яго нават гатовыя дапоўніць сустрэчамі ў рамках буйных бізнес-форумаў. Але справа не ў форме. Справа ў гатоўнасці і дзяржорганаў, і бізнесу слухаць і чуць адзін аднаго. Зразумела, што ў рамках кансультатыўнага савета разгорнуцца бурныя дыскусіі, аднак імкненне супрацоўнічаць з бізнесам у Еўразійскай эканамічнай камісіі прыкметна. Віктар Хрысценка, кіраўнік АЭК, сёння нават заявіў, што гатовы прадастаўляць бізнесу ўсю неабходную інфармацыю аб сваёй дзейнасці - нават тую, якая звычайна не прызначана для шырокай публікі.