Народныя майстры атрымалі права прадаваць свой тавар у майстэрнях і праз Інтэрнэт

9 октября 2017

Зрабіць краіну прывабнай для інвестара, даць сігнал на знешняе поле і разняволіць дзелавую ініцыятыву сваіх людзей - задачы, над якімі дзяржава сур'ёзна працуе сёлета. Цэлы шэраг ініцыятыў па пацяпленні бізнесклімату ў Беларусі абмяркоўваем штораз у нашым эфіры разам з экспертамі.

Як мы гаварылі, вялікі "ліберальны", рэвалюцыйны пакет дакументаў лёг на стол Кіраўніка дзяржавы. Сёння падпісаны адразу два ўказы. Бізнес на сяле стаў яшчэ больш даступным. Вырашана пытанне, якое так доўга дыскуціравалася. Беларускія аграсядзібы змогуць аказваць гасцям шырокі пералік паслуг без збірання дадатковых падаткаў. Так, на ранейшых умовах - за адну базавую велічыню за год - можна праводзіць вяселлі, бяседы і юбілеі. Акрамя таго, аграсядзібы атрымалі больш магчымасцяў для афіцыйнага працаўладкавання персаналу. Таксама асобным указам Кіраўнік дзяржавы падтрымаў рамесную працу. Народныя майстры атрымалі права прадаваць свой тавар у майстэрнях і праз Інтэрнэт. Аб нюансах і ўмовах працы на сяле напярэдадні ўказу мы ўжо расказвалі ў "Панараме". Вольга Анішчанка сабрала ключавыя моманты.

Тры дні не паднімаючы галавы - і чарговая музычная цацка напаўняе дзіцячую новымі гукамі. Кожную такую работу Арына выконвае пад заказ. Гаворыць, думалі вырабы, што завецца, штампаваць. Але кліент сёння капрызны. Хоча асаблівы тавар. Каб і ў інтэр'ер упісаўся, і з густам быў. Індывідуальны падыход народнага майстра тут вельмі дарэчы. Ад кліентаў адбою няма. А сарафаннае радыё - лепшая рэклама.

Чарга з заказчыкаў у майстра на месяц наперад. Кліент і сталічны мінскі, і расійскі. Працаваць з ім зараз будзе і прасцей, і зручней. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў права рамеснікаў вольна рэкламаваць тавар у Інтэрнэце з указаннем цаны, а таксама прадаваць прадукцыю дыстанцыйна.

Раней народныя майстры выстаўляліся не ўсюды. Толькі на рынках, кірмашах і ў галерэях. Асаблівых складанасцяў не ведалі. Складалі дамову, пастаўлялі тавар, у выпадку яго продажу атрымлівалі грошы на рукі. Але выгадна было не заўсёды. Фактычна арэнда плошчаў рабіла прадукцыю на парадак даражэйшай.

Зараз майстар атрымлівае права працаваць з кліентам напроста. Так, як зручна, і прадаваць нават у сваёй майстэрні. Прычым на ранейшых умовах. Без дзяржрэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Зараз, дарэчы, яна ўжо дакладна не спатрэбіцца і ўладальнікам аграсядзібаў. Сёння Кіраўнік дзяржавы паставіў яшчэ адным указам кропку ў доўгай спрэчцы пра будучыню сельскага турызму.

Нагадаем, увесь апошні год у Беларусі абмяркоўвалі, ці трэба ўводзіць дадатковы падатак для тых аграсядзібаў, якія вядуць актыўную камерцыйную дзейнасць. Праводзяць вяселлі, карпаратывы і іншыя ўрачыстасці. Пытанне вырашылі на карысць сельскіх бізнесменаў. Зараз зарабляць без дадатковага падатковага цяжару яны змогуць на любых паслугах. Падатак на адну базавую за год пакінулі нязменным.