Беларусы прачнуліся з новымі рублямі

1 июля 2016

Беларусы клаліся спаць са старымі рублямі, а прачнуліся ўжо з новымі. Прычына - дэнамінацыя, да якой краіна рыхтавалася 8 месяцаў. Сёння ўначы ўся банкаўская сістэма пачала складаную і маштабную перазагрузку. Усё абсталяванне і ў банкаўскай, і ў гандлёвай сферах наладжваюць на працу па-новаму. У гэтыя хвіліны ля будынка найбуйнейшага банка Беларусі працуе наша здымачная група. Карэспандэнт Вераніка Бута зараз на прамой сувязі са студыяй.

Ці атрымалася зняць новыя беларускія грошы? На жаль, гэта зрабіць нашай здымачнай групе пакуль не атрымалася. Паводле рэгламенту, загрузка банкаматаў пачнецца бліжэй да 8 раніцы. Працэс досыць складаны тэхнічна, таму часовыя рамкі могуць зрушвацца. На гэтую хвіліну ў нас інфармацыя, што выдача грошай пачнецца прыблізна а 10 раніцы. Зараз жа ні банкаматы, ні тэрміналы не працуюць па ўсёй краіне. Скарыстацца пластыкавай карткай пакуль нельга і за мяжой.

Банкі цалкам гатовыя ажыццявіць замену старых купюр на новыя. Як вы можаце бачыць, зараз завяршаецца падлік грошай, якія праз некалькі гадзін апынуцца ў руках першых шчасліўчыкаў. Купюры раскладваюць па касетах і літаральна на нашых вачах пачынаюць адвозіць да банкаматаў. Новымі купюрамі загрузяць не ўсе машыны. У сярэднім - толькі кожнае трэцяе прыстасаванне. У асноўным будзе тры наміналы - гэта 5, 10 і 20 рублёў.

Менавіта гэтымі банкнотамі будуць карыстацца беларусы першы час. Спецыялісты абяцаюць, што праз некалькі гадзін абслугоўванне кліентаў будзе праходзіць у звыклым рэжыме, але лакальныя збоі не выключаныя. А вось банкі сёння ўзялі паўзу, працуюць толькі асобныя абменнікі.