Беларускі рубель зноў у трэндзе

1 августа 2013
Насельніцтва вяртае нацыянальную валюту ў банкі. Некаторыя камерцыйныя фінансавыя ўстановы прапаноўваюць рэкордныя 45 і нават 50% гадавых.

Як доўга прадоўжыцца ставачная ліхаманка і як знайсці самую выгадную прапанову, у матэрыяле Наталлі Кузьміцкай.


Яшчэ напрыканцы чэрвеня ў банкаўскім сектары наракалі на адток з рынку дэпазітаў нацыянальных грашзнакаў, тады ў сувязі з ростам дэвальвацыйных чаканняў насельніцтва пачало скупляць замежную валюту і перакладаць рублёвыя ўклады ў валютныя.
Сёння ж сітуацыя іншая, цікавасць насельніцтва да нацыянальнай валюты павысілі звышпрыбытковымі працэнтнымі стаўкамі па рублёвых дэпазітах. У спаборніцтве за ўкладчыка банкі прапаноўвалі самыя выгадныя працэнты, і на мінулым тыдні некаторыя прапановы перайшлі мяжу гадавога максімуму. Самыя ўдачлівыя злавілі хвалю, і паспелі ўкласціся пад 50%. Хоць сёння ажыятаж на рынку дэпазітаў стаў трохі меншым, аднак стаўкі па ўкладах па-ранейшаму на высокіх пазіцыях, насельніцтва ад абменнікаў развярнулася ў бок беларускага рубля.


Валерый Палхоўскі, фінансавы аналітык: Калі Вы павышаеце прыбытковасць па ўкладах у нацыянальнай валюце, вы робіце яе больш прывабнай. Уявіце, у некаторых камбанках яна зараз дасягае 30 працэнтаў, нават з улікам інфляцыі, я думаю, яна будзе каля 15%, вы атрымліваеце прыбытковасць як мінімум 15% у гадавым выражэнні ды яшчэ проста па дэпазітах у банках, гэта вельмі высокая прыбытковасць, а калі ўлічыць, што дэвальвацыя таксама ў прынцыпе павінна карэкціравацца на ўзроўні інфляцыі, то ўклады ў беларускіх рублях вельмі прывабныя.

Атрымаць прыбытак можна як у кароткатэрміновай, так і доўгатэрміновай перспектыве. Несумненна, банкі зацікаўлены ў прыцягненні больш доўгіх грошай, аднак у топе ашчадных прапаноў лідзіруюць уклады на кароткі тэрмін, і гэтаму ёсць свая прычына.

Андрэй Жышкевіч, старшыня праўлення камерцыйнага банка: Гэта ў тым ліку гаворыць пра тое, што самі банкі ўспрымаюць цяперашні стан рынку, як пік. У сярэднім, пэўна, такі, найбольш рыначны ўзровень зараз можна назваць 35-40%. Я думаю, у найбліжэйшы час менавіта ў гэтым дыяпазоне будуць з'яўляцца дэпазітныя прадукты.

Летні карагод ставак, паводле прагнозаў экспертаў, прадоўжыцца нядоўга, рэзкага спаду працэнта па дэпазітах не прадбачыцца, аднак выгадныя прапановы па ўкладах на інтэрнэт-старонках банкаў будуць з'яўляцца яшчэ на працягу месяца.