Белмедпрэпараты атрымаў міжнародны сертыфікат

18 сентября 2015

Да канца года ў беларускіх аптэках з'явіцца каля 140 новых прэпаратаў айчыннай вытворчасці. Найбуйнейшы беларускі вытворца - Белмедпрэпараты - атрымаў міжнародны сертыфікат. Узровень вытворчасці ацанілі еўрапейскія эксперты. Як робяць беларускія лекі? І як ацэньваюць перспектывы паставак на ўнутраны рынак і за мяжу самі вытворцы? Высвятляла Наталля Тарасюк.

Ніякай касметыкі і лаку для пазногцяў. І гэта толькі няпоўны спіс патрабаванняў да персаналу гэтага прадпрыемства. Бо пры вытворчасці ін'екцыйных прэпаратаў абавязковыя ўмовы - менавіта стэрыльнасць і бяспека. Паназіраць за працай найбуйнейшы вытворца беларускіх лекаў сёння запрасіў каля двух дзясяткаў журналістаў. Крыху раней у гэтых цэхах сустракалі еўрапейскіх экспертаў. Як вынік - міжнародны сертыфікат GMP.

Павел Кахавец, гендырэктар РУП "Белмедпрэпараты": "Мы зараз актыўна пайшлі на в'етнамскі рынак. І калі я прад'яўляю гэты сертыфікат, то ў выніку таргоў я трапляю ў групу 3. Кошт прэпарату пры наяўнасці сертыфіката патройваецца. Г. зн., калі прэпарат каштуе 2 долары, то мой прэпарат з гэтым сертыфікатам будзе закуплівацца ў групе па цане 6 долараў. У цэлым зараз ужо амаль не засталося краін, якія не патрабуюць еўрапейскі сертыфікат пры рэгістрацыі прэпаратаў у іншых краінах".

Зараз наша прадукцыя пастаўляецца на рынак 20 краін свету. Толькі летась на экспарце зарабілі 110 мільёнаў долараў. А ўжо з 1 студзеня 2016 года запрацуе і адзіны фармацэўтычны рынак ЕАЭС. Беларускія вытворцы ўпэўненыя, што змогуць значна павялічыць пастаўкі ў Арменію, Узбекістан і Расію. Толькі Белмедпрэпараты плануюць зарэгістраваць сёлета больш чым два дзясяткі лекаў. У цэлым жа колькасць беларускіх фармацэўтычных навінак можа дасягнуць паўтары сотні прэпаратаў. Эксперты прагназуюць і паступовы рост долі айчынных лекаў на рынку краіны.

Валерый Шаўчук, намеснік міністра аховы здароўя Беларусі, дырэктар дэпартамента фармацэўтычнай прамысловасці: "Мы ўжо блізкія ў грашовым выражэнні да 50%, можа ўжо і перасягнулі гэтую лічбу. Калі браць упакоўкі, то можа ўжо і 60%. У асенне-зімовы перыяд можа быць рост сезоннага захворвання, адпаведна павялічваецца спажыванне лекавых сродкаў. Але прагнозная лічба будзе вагацца ад 60 да 70% ва ўпакоўках. У шпітальным сектары па асобных клініках, бальніцах яна дасягае 80%".

Частку субстанцый для вытворчасці беларускіх лекаў вырабляюць нашы навуковыя інстытуты, частка закупліваецца за мяжой: у Індыі, Кітаі, Украіне, Расіі, краінах ЕС. Больш за ўсё ў спісе прэпаратаў, што выпускаюцца на прадпрыемстве, джэнерыкаў, г. зн. копій, якія валодаюць той жа эфектыўнасцю, што і арыгінальны прэпарат, але значна таннейшыя. Аднак ёсць, вядома, і ўласныя распрацоўкі. Напрыклад, "Фаталон" для дыягностыкі і тэрапіі пухлін.

Толькі ў гэтым цэху выпускаюць каля 30 прэпаратаў для лячэння розных пухлін. За маёй спінай знаходзіцца памяшканне, у якім персанал працуе з таксічнымі субстанцыямі. На выхадзе атрымліваецца гатовы лекавы сродак, які можа прымяняцца, напрыклад, для хіміятэрапіі.

Толькі ў Мінскім гарадскім онкадыспансеры на лячэнне хворых штодня траціцца 300 флаконаў з рэчывамі вытворчасці РУП "Белмедпрэпараты". У спецыяльных ізалятарах супрацоўнікі разводзяць і дазіруюць лекі для інфузій.

Уладзімір Каранік, галоўны ўрач Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера: "Калі ў цэлым узяць па клініцы суадносіны беларускіх і імпартных прэпаратаў, то ў нас у колькасным выражэнні каля 90% беларускіх прэпаратаў, 10% імпартных. На сённяшні момант гэта дазволіла павялічыць даступнасць медыцынскай дапамогі. Мы рэдка сутыкаемся з недахопам нейкіх прэпаратаў. Мы маем магчымасць як мага большай колькасці пацыентаў прызначыць высокаэфектыўнае лячэнне".

Сёлета ўрачы разам з супрацоўнікамі прадпрыемства плануюць правесці чарговае так званае кагортнае даследаванне. Сутнасць простая - у сухіх лічбах і фактах вызначыць эфектыўнасць беларускіх прэпаратаў. Праўда, самі дактары ў эфектыўнасці ўжо даўно не сумняваюцца, змагаючыся кожны дзень за жыццё кожнага пацыента з дапамогай свайго прафесіяналізму і беларускіх лекаў.