Беларусь, Расія і Казахстан вырашаць праблему імпартазамяшчэння да наступнага года

4 июня 2014

Беларусь, Расія і Казахстан вырашаць праблему імпартазамяшчэння ўжо да наступнага года: краіны Мытнай тройкі пачнуць фарміраваць сумесныя сельгаспраграмы. Гэта адзін з першых сумесных намераў, які быў аб'яўлены пасля падпісання дагавора аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза ў Астане. У Мінску працягваецца Беларускі аграпрамысловы тыдзень. Яго цэнтральнай падзеяй стала выстава Белагра - аграрнае шоу сусветнага ўзроўню, якое ўжо 24 раз прымае наша краіна. На другі дзень удзельнікі традыцыйна размясціліся на вялізным палігоне пад Мінскам, дзе паказалі і сельскагаспадарчую тэхніку, і харчовую прадукцыю.


З маштабнага форуму - рэпартаж Дзмітрыя Цітова. Яшчэ да пачатку мерапрыемства міністр земляробства Латвіі вывучаў навінкі сельскагаспадарчай тэхнікі беларускай вытворчасці. Бо на кожным трэцім полі ў суседзяў можна сустрэць беларускі камбайн або трактар.


У сферы складанага машынабудавання лідарам па экспарце лічыцца менавіта сельскагаспадарчая тэхніка. Трактароў, а таксама грузапад'ёмнікаў на рынак блізкага і далёкага замежжа пастаўлена каля 30 000 адзінак. Што датычыцца камбайнаў, дык экспарт плануюць павялічыць за кошт даступнай цаны.


Гэта самая магутная кормаўборачная тэхніка ў Беларусі. Камбайн на 600 конскіх сіл. Нічым не саступае заходнім канкурэнтам з Германіі. Праўда, каштуе на 30% танней. Каля 450 000 долараў.


На пляцоўцы на 50 000 квадратных метраў - 90% беларускай прадукцыі. На выставе Белагра падняліся больш за 20 флагаў з усіх краін свету. З кожным годам мерапрыемства б'е рэкорды наведвальнасці.


Хлебам ды соллю пасля адкрыцця сустракалі самыя вопытныя ўдзельнікі Белагра - Нацыянальная акадэмія навук. Не выпадкова члены ўрада спачатку наведалі менавіта гэтую пляцоўку. Бо слабыя бакі ў земляробстве выяўленыя ў некаторых рэгіёнах Беларусі. Паводле назірання намесніка прэм'ер-міністра Міхаіла Русага, у асобных частках Гомельскай вобласці насенняводства травы папросту знішчана.


Сельская гаспадарка зараз у цэнтры ўвагі вышэйшага кіраўніцтва краіны. Для поўнага аналізу сітуацыі і ліквідацыі слабых бакоў у АПК створаная рабочая група на чале з прэм'ер-міністрам.


На мінулым тыдні Кіраўнік дзяржавы падчас рабочай паездкі ў Мінскую вобласць паставіў жорсткія патрабаванні ў дачыненні да нарыхтоўкі кармоў. Паводле слоў Прэзідэнта, менавіта недасканаласць гэтай сістэмы з'яўляецца галоўнай прычынай невысокай эфектыўнасці ўсёй жывёлагадоўлі. А роля яе ў эканоміцы краіны вялізная: на долю мясной і малочнай прадукцыі прыходзіцца больш за 75% выручкі сельгасарганізацый - а гэта амаль чатыры мільярды долараў нашага аграрнага экспарту.


І зараз неабходна выкарыстоўваць спрыяльныя ўмовы надвор'я і забяспечыць пагалоўе якаснымі, збалансаванымі недарагімі кармамі.


Самыя самавітыя дэлегацыі на Белагра - з Расіі і Казахстана. Мытная тройка рэфармуецца ў Еўразійскі эканамічны саюз і ставіць мэтай максімальна замясціць імпартныя прадукты на сваёй тэрыторыі. Зараз фарміруюцца сумесныя сельгаспраграмы. Расія і Казахстан - гэта яшчэ і асноўныя рынкі збыту беларускай сельгаспрадукцыі. З усяго экспарту на шэсць мільярдаў долараў на партнёраў па ЕЭС прыпадае крыху больш за чатыры з паловай мільярды.


Леанід Заяц, Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі: Па выніках працы мінулага года экспарт склаў 5,8 мільярда долараў ЗША. Ён павялічыўся практычна на 116% адносна 2012 года. Зараз задача стаіць некалькі іншая: дадаць менавіта да гэтага аб'ёму яшчэ на 12%.


Упершыню да краін - удзельніц выставы Белагра далучыліся Паўднёвая Карэя і Сінгапур. Нядаўна адправілі першыя выпрабавальныя партыі малочнай прадукцыі - сыроваткі і сухога малака - у Інданезію. Беларускія кампаніі шукаюць кліентаў у Аўстраліі і Новай Зеландыі. Але каб выйсці на гэты рынак, прадпрыемствам прыйдзецца павышаць якасць прадукцыі, а таксама ўступаць у жорсткую цэнавую канкурэнцыю з сусветнымі вытворцамі.