Беларусь і Расія створаць рабочую групу па ўрэгуляванні пытання паставак беларускага малака

7 июня 2018

Міністэрствы сельскай гаспадаркі Беларусі і Расіі створаць рабочую групу па ўрэгуляванні пытання паставак беларускага малака на расійскі рынак. Сёння ў Маскве прайшлі перамовы на ўзроўні кіраўнікоў двух ведамстваў. Па выніках было прынята рашэнне разабрацца ў сітуацыі, што склалася, і разгледзець пытанне зняцця часовых абмежаванняў.

Рыгор Рапота, Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы: "Сёння сустрэліся міністры сельскай гаспадаркі. Заўтра сустрэнуцца віцэ-прэм'еры. Я настроены аптымістычна, прынамсі сённяшняя дыскусія дазваляе спадзявацца на тое, што мы пазбавімся ад гэтых непатрэбных ускладненняў у нашых адносінах".

І сёння ў Маскве адбылося пасяджэнне групы высокага ўзроўню Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы. Бакі абмеркавалі пытанні беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў машынабудаванні, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, фармацэўтыцы і ўзаемным гандлі. Таксама вызначылі парадак дня Вышэйшага Дзяржаўнага савета, які адбудзецца 19 чэрвеня ў Мінску.