Беларусь і Кітай ствараюць сумесную вытворчасць камунальнай тэхнікі

29 августа 2016

Новых дзелавых пагадненняў доўга чакаць не давялося. Сёння ж "Зумліён" і Мінскі аўтамабільны завод падпісалі дамову аб цесным супрацоўніцтве. Такім чынам, Беларусь і Кітай ствараюць сумесную вытворчасць камунальнай тэхнікі. І галоўным партнёрам сусветна вядомай кампаніі "Зумліён" стане наш МАЗ. Доля сталічнага прамысловага гіганта высокая: усю тэхніку будуць збіраць на шасі Мінскага аўтамабільнага ў Магілёве. Вытворчасць плануюць запусціць ужо ў канцы гэтага года. Машыны прапануюць беларускім камунальнікам. Але асноўным спажыўцом тэхнікі, паводле слоў партнёраў, стане рынак ЕАЭС.

Дзмітрый Кацярыніч, гендырэктар ААТ "Мінскі аўтамабільны завод":

"Гэта камунальная тэхніка-пыласос, гэта краны 40 тон, а таксама кран 60 тон. Акрамя таго, мы разглядаем і пытанні вырабу іншай камунальнай тэхнікі. Мы запаўняем тую нішу, якая ў нас адсутнічала, г. зн. павялічваем асартымент. Акрамя таго, нам атрымаецца загрузіць нашу дылерскую сетку. І вядома, выкарыстаць ноу-хау кітайскай кампаніі Zoomlion, якая, дарэчы, выпускае самы вялікі кран у свеце, які ўваходзіць у Кнігу рэкордаў Гінеса".

Першыя ўзоры тэхнікі сумеснай вытворчасці з канвеера ўжо сышлі. А адна з вялікіх машын нават знайшла першага пакупніка. Пілотны беларуска-кітайскі аўтамабільны кран грузападымальнасцю 60 тон адправіцца ў Расію.